Вызначыўся пераможца моладзевага чэмпіянату свету па хакеі
06.01.2018 / 09:21
Ім стала зборная Канады, што ў фінале перамагла Швецыю з лікам 3:1. ЧС праходзіў у амерыканскім Бафала.
Канадцы здолелі даказаць сваю перавагу над шведамі толькі на перадапошняй хвіліне. Прапусціўшы другую шайбу (2:1), скандынавы паспрабавалі адысці ад паразы і замянілі брамніка шостым палявым гульцом. Зраўняць лік шведы не змаглі — канадцы ўстанавілі канчатковы вынік, закінуўшы шайбу ў пустыя вароты.
Засмучаныя шведы не маглі схаваць свайго расчаравання. Некаторыя гульцы выкінулі свае срэбныя медалі на трыбуну і не хавалі слёз.
Бронзавыя медалі ў зборнай ЗША, якая разграміла Чэхію 9:3
Зборная Беларусі пакідае элітны дывізіён. Нашы гульцы прайгралі ўсе матчы ў групе, у тым ліку Швецыі (1:6), а потым у гульнях за выжыванне двойчы саступілі Даніі.