Наста Кудасава. ***там, дзе лета ахоўвае шчасця няўлоўнага трымт…
09.01.2018 / 10:22
там, дзе лета ахоўвае шчасця няўлоўнага трымт,
дзе зялёнага лесу наўсцяж раскашуецца хорам,
там па сцежках чароўных чароўныя ходзяць звяры,
там дагэтуль жывыя давер, спагада і сорам.
лапкай мыш бласлаўляе мурог, а вавёрка дупло
высцілае любоўю — сасны гаспадарлівы пробашч…
там на сцежках зямных мы зямное люляем цяпло
бо не трэба ні раю, ні выраю
там, дзе ты побач.