Сярод кандыдатаў у дэпутаты — экс-кандыдат у прэзідэнты

12.01.2018 / 11:56

Фота Сяргея Гудзіліна

Сярод кандыдатаў у дэпутаты 657 чалавек — пенсіянеры, 198 часова беспрацоўныя. Аб гэтым кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў, піша Tut.by.

У гэтым годзе ў кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў вылучана 22 719 чалавек. Хоць дакументаў, як адзначыла Ярмошына, паступіла значна больш. Гэта звязана з тым, што некаторыя вылучаліся некалькімі спосабамі: шляхам збору подпісаў і ад партыі.

Сярод цікавых кандыдатаў, якія вылучаюцца ў дэпутаты Мінскага гарадскога Савета, кіраўнік ЦВК назвала дырэктараў кінатэатраў «Салют» і «Камсамолец», дырэктара ўнівермага «Беларусь» Мікалая Завалея, экс-кандыдатку ў прэзідэнты і лідара «Гавары праўду» Таццяну Караткевіч, дырэктара агракамбіната «Ждановічы» Рыгора Чуйко, гендырэктара БелАЗ Пятра Пархомчыка.