Навукоўцы, магчыма, знайшлі спосаб запаволіць старэнне мозгу

Даследчыкі з Стэнфардскага ўніверсітэта правялі эксперыменты з пераліваннем крыві мышам і выявілі працэсы, якія выклікаюць у грызуноў заўчаснае старэнне, паведамляе партал Science News. 

12.01.2018 / 16:58

Depositphotos / sudok1

У ходзе даследавання біёлагі вывучылі актыўнасць генаў у старых клетках гемата-энцэфалічнага бар'еру, які аддзяляе крываносную сістэму ў мозгу ад нервовых клетак. Навукоўцы ўводзілі плазму крыві старых мышэй у чэрап маладых грызуноў і аналізавалі ўплыў ін'екцыі на гіпакамп — найбольш ўразлівы для нейрадэгенератыўных хвароб абшар мозгу.

Высветлілася, што пасля пералівання ў клетках бар'еру актывуюцца гены, якія адказваюць за сінтэз бялку VCAM1.

У маладых мышэй з'явіліся прыкметы парушэння працы мозгу, запаленні, зменшылася таксама «нараджальнасць» новых нервовых клетак. На старых жа грызунах ін'екцыя такога эфекту не выклікала.

Навукоўцы мяркуюць, што блакаванне бялку VCAM1 можа дапамагчы прадухіліць заўчаснае старэнне мозгу. Ужо для генетычна мадыфікаваных маладых грызуноў плазма старых мышэй не такая небяспечная, нейрадэгенерацыю таксама атрымалася спыніць з дапамогай антыцелаў.

Вынікі эксперыменту, як лічаць біёлагі, могуць быць карысныя для распрацоўкі антыўзроставае тэрапіі, якая б ўздзейнічала на бар'ер паміж крываноснай сістэмай і нервовымі клеткамі.

nn.by