Выдатны стан: галоўны доктар Белага дома распавёў аб выніках медагляду Трампа
17.01.2018 / 09:30
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прайшоў сваё першае планавае медыцынскае абследаванне, заявіў афіцыйны доктар Белага дома Рональд Джэксан. Пра гэта паведамляе тэлеканал CBS, які апублікаваў запіс брыфінгу Джэксана.
Па словах доктара, прэзідэнта абследавалі 12 спецыялістаў на працягу чатырох гадзін. Па выніках абследавання высветлілася, што крывяносная сістэма прэзідэнта знаходзіцца ў «выдатным стане», кіраўнік дзяржавы паказаў добрыя разумовыя здольнасці па выніках кагнітыўнага тэсту (30 правільных адказаў з 30) і адсутнасць псіхічных адхіленняў, а ў цэлым, згодна са словамі медыка, Трамп валодае «цудоўнымі генамі». «Такім яго стварыў Бог», — канстатаваў Джэксан.
Доктар дадаў, што па параметрах здароўя Трамп «абсалютна падыходзіць для сваёй працы». У той жа час Джэксан адзначыў, што прэзідэнт прымае сродак ад выпадзення валасоў, лекі, што паніжаюць узровень халестэрыну, а таксама выкарыстоўвае крэм ад вугроў. Лекар заключыў, што Трампу варта панізіць узровень халестэрыну ў крыві і скінуць лішнюю вагу.
Да прэзідэнцтва Трампа Рональд Джэксан быў галоўным доктарам Белага дома пры Джорджу Бушу-малодшым і Бараку Абаме.