Мясніковіч заклікаў унесці змены ў дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы з Расіяй

17.01.2018 / 13:24

Фота Сяргея Гудзіліна

Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы можа быць актуалізавана. Пра гэта заявіў сёння журналістам старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, паведамляе БелТА.

Парламенцкае вымярэнне адыгрывае асаблівую ролю ва ўніфікацыі і гарманізацыі заканадаўства дзвюх дзяржаў, асабліва ў частцы прыняцця новых нарматыўных прававых актаў, адзначыў Мясніковіч. На яго думку, па-новаму павінны загучаць пытанні стварэння роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання, забеспячэння роўных правоў грамадзян. «Мяркую, мы выйдзем на вельмі сур'ёзныя і цікавыя прапановы, якія могуць быць разгледжаны як нейкія дапаўненні і змяненні ў дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы», — праінфармаваў спікер.

«За гэтым стаіць вельмі вялікая напружаная праца, бо ідэі трэба не толькі пакласці на паперу, але і ўзгадніць з партнёрамі па Саюзнай дзяржаве — са структурамі Расіі», — дадаў ён. Парламентарыі разлічваюць на актыўны ўдзел у гэтых працэсах Пастаяннага камітэта СД. На думку Міхаіла Мясніковіча, было б мэтазгодна прыцягнуць і ЕЭК.