Белгідрамет: Цыклон «Фрэдэрык» паўплывае на надвор'е ў Беларусі нязначна
19.01.2018 / 10:09
«Тое, што «Фрэдэрык» нарабіў у Еўропе, нам не пагражае. Цыклон ужо губляе актыўнасць, такіх складаных умоў надвор'я, якія адзначаліся ў еўрапейскіх краінах, мы ў сябе не чакаем», - падкрэслілі ў Белгідрамеце.
Пры гэтым сіноптыкі адзначылі, што пагаршэнне ўмоў надвор'я ў сувязі з прыходам «Фрэдэрыка» ўсё ж такі назіраецца. Ноччу па паўднёвым захадзе краіны ўжо прайшлі ападкі — снег, мокры снег, якія звязаны з атмасфернымі франтамі гэтага цыклона. «Сёння ў нас на большай частцы тэрыторыі чакаецца снег, мокры снег, у паўднёва-заходніх раёнах - парывісты вецер, але штармавое папярэджанне мы не абвяшчалі. Такіх інтэнсіўных снегападаў, моцнага ветру, як у Еўропе, мы не чакаем», - растлумачылі ў Белгідрамеце.