NASA выпрабавала ядзерны рэактар, які будзе выкарыстоўвацца на Марсе 

Кампактны ядзерны рэактар, створаны для доўгатэрміновых чалавечых місій у космасе, быў паспяхова выпрабаваны спецыялістамі касмічнага ўпраўлення ЗША ў штаце Невада, паведамляе Reuters.

19.01.2018 / 11:24

У прыватнасці, такі рэактар плануюць выкарыстоўваць у якасці крыніцы энергіі для першых марсіянскіх місій.

Падчас месяцовых экспедыцый з 1969 па 1972 гады адной з самых складаных задач было стварэнне досыць магутнай і пры гэтым лёгкай крыніцы энергіі. У выпадку з Марсам таксама ўсё складана: на планету трапляе менш святла, чым на Зямлю, адбываюцца працяглыя пясчаныя буры, а па начах тэмпература рэзка падае.

Паводле папярэдніх разлікаў, астранаўтам на Марсе спатрэбіцца 40-50 кілават энергіі.

Ядзерны рэактар на Чырвонай планеце будзе выкарыстоўваць у якасці паліва ўран-235 і забяспечваць энергіяй першых жыхароў, сістэмы забеспячэння жыцця, а таксама дапаможа займацца здабычай рэсурсаў, такіх як кісларод, лёд ды паліва.

nn.by