Адаму Глобусу — 50

Юбілей Глобус сустрэў у сваёй улюбёнай Барсэлёне. Ён нарадзіўся 29 верасьня 1958 году ў Койданаве ў сям'і пісьменьніка Вячаслава Адамчыка. Яшчэ маладым ён стаў каардынатнай постацьцю нон-канфармісцкага культурнага кола. Акрамя іншых заслугаў, ён піянер літасваеньня Інтэрнэту. Зь ім можна размаўляць штодзённа на ягоным жывым дзёньніку...

29.09.2008 / 22:06

Юбілей Глобус сустрэў у сваёй улюбёнай Барсэлёне.

Адам Глобус, верасень 2008, Барсэлёна

Адам Глобус. Спадарыня Пясочны гадзіньнік. Палотно, акрыл. 2008

Ён нарадзіўся 29 верасьня 1958 году ў Койданаве ў сям'і пісьменьніка Вячаслава Адамчыка.

Глобус, які ўжо самым не этнаграфічным псэўданімам узбурыў традыцыю, быў сузаснавальнікам рэвалюцыйнай літаратурнай суполкі «Тутэйшыя».

Ён аўтар кнігі урбаністычнай паэзіі «Парк», зборнікаў прозы «Адзінота на стадыёне», «Сьмерць — мужчына», «Дамавікамэрон», «Толькі не гавары маёй маме», «Койданава», «Post scriptum», «Браслаўская стыгмата», «сУчасьнікі».

У год юбілею Адам Глобус нібы вярнуўся на 25 гадоў назад і зноў пачаў маляваць — палотны, поўныя тонкага перажываньня часу.

Яшчэ маладым ён стаў каардынатнай постацьцю нон-канфармісцкага культурнага кола.
Цяпер ён публікуецца ў выданьнях рознай скіраванасьці, па-над палітычнымі і групавымі бар'ерамі.
Акрамя іншых сваіх першазаслугаў, ён піянер асваеньня Інтэрнэту літаратурай.

З самім пісьменьнікам можна размаўляць штодзённа на ягоным жывым дзёньніку adam-hlobus.livejournal.com. Тамсама ён прымае віншаваньні.

* * *

Далучаемся да віншаваньняў і рыхтуем юбілейныя матэрыялы, прысьвечаныя пісьменьніку.

Рэд.