Улады далі дазвол усталяваць у Мерачоўшчыне «народны» помнік Тадэвушу Касцюшку

Чатыры месяцы не прайшло ад моманту, калі Глеб Лабадзенка абвясціў пра збор сродкаў на першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касцюшку, а ўжо і дазвол на яго ўсталяванне ёсць, і сама скульптура адлітая. Застаецца толькі вырабіць падмурак, і ўжо ў лютым помнік можна будзе ўрачыста адкрываць.

23.01.2018 / 19:44

Глеб Лабадзенка адзначае: тое, што ўдалося ўзгадніць і вырабіць такі помнік за тры месяцы — гэта ўнікальная сітуацыя. Звычайна справа расцягваецца на год ці нават некалькі гадоў. І Глеб шчыра ўдзячны ўсім, хто ёй спрыяў і спрыяе.

На помнік ахвяравалі больш за 700 чалавек. Гэнік Лойка бясплатна стварыў эскіз і вылепіў помнік у натуральную велічыню. А заслаўская фірма «Гранітны свет» пагадзілася вырабіць шыкоўны пастамент за паўцаны.

Івацэвіцкі райвыканкам дазволіў усталяваць скульптуру на тэрыторыі музея-сядзібы Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне. Гэта родныя для Касцюшкі мясціны, тут ён нарадзіўся.

nn.by