Таварыства беларускай мовы засноўвае прэмію за спрыянне беларушчыне, шукаюць мецэната
29.01.2018 / 18:42
Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны мае намер заснаваць прэмію, якая будзе выдавацца за спрыянне беларушчыне.
Алена Анісім і Алег Трусаў (справа). Фота Сяргея Гудзіліна.
«Рада ТБМ прыняла рашэнне заснаваць узнагароду ад арганізацыі, якая будзе ўручацца арганізацыям, людзям, або ініцыятывам, якія зробяць значны ўнёсак у падтрымку і развіццё беларускай мовы і культуры, — расказала «Нашай Ніве» старшыня ТБМ, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. — Пакуль мы прапанавалі мастакам увасобіць гэтую ўзнагароду — магчыма, гэта будзе нейкая статуэтка ці нейкі іншы знак. Таксама мы вызначым намінацыі — для нас важна, каб атрымаць узнагароду маглі і рэгіянальныя актывісты або арганізацыі, мы пільна адсочваем тых, хто спрыяе беларускай справе».
Паводле словаў Анісім, на пачатковым этапе гэтая ўзнагарода будзе толькі сімвалічнай — у арганізацыі няма грошай, каб выплачваць яшчэ і прызавыя. Але Анісім кажа, што калі знойдзецца мецэнат, гатовы закласці прызавы фонд, то Таварыства беларускай мовы не адмовіцца ад такой супрацы.