Грузія больш не будзе купляць газ у Расіі

Грузія з гэтага года не плануе купляць газ у Расіі, паколькі ўсю патрэбу ў гэтым паліве пакрывае Азербайджан. Пра гэта заявіў намеснік міністра эканомікі Грузіі Георгій Чыкавані, паведамляе казахская служба радыё «Свабода».

29.01.2018 / 20:46

Грузінская апазіцыя раней заяўляла, што ўрад няздольны набыць прыродны газ у кампаніі «Газпром» пасля таго, як у мінулым годзе Масква і Тбілісі дамовіліся «манетызаваць» плату за транзіт паліва ў Арменію. Чыноўнік гэтыя сцвярджэнні адхіліў.

«Нельга сказаць, што нам не хапае грошай на куплю расійскага газу. У любым выпадку, грашовая ўзнагарода досыць вялікая», — заявіў намеснік міністра. Ён падкрэсліў, што ў цяперашні час «Грузіі проста не патрэбны расейскі газ, паколькі цалкам хапае азербайджанскага».

Паводле дамовы паміж «Газмпромам» і грузінскім урадам, за транзіт газу ў Арменію ў мінулым годзе плацілі часткова грашыма і часткова сыравінай. З 2018 года аплата будзе праводзіцца толькі грашыма. Раней ад транзіту расійскага газу ў Арменію Грузіі належала 10 працэнтаў ад агульнага аб'ёму яго транспарціроўкі.