Прэзідэнт Польшчы перагледзіць законапраект пра Халакост пасля пратэсту Ізраіля
29.01.2018 / 21:45
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда кажа, што будзе пераглядаць закон, які забараняе называць палякаў саўдзельнікамі Халакосту. Таксама гэты закон забараняе называць нацысцкія лагеры смерці «польскімі».
Ізраіль раскрытыкаваў гэты закон, таму што ён істотна абмяжоўвае абмеркаванне ўдзелу асобных палякаў у Халакосце.
З шасці мільёнаў яўрэў, забітых падчас Халакосту, тры мільёны страцілі сваё жыццё ў Польшчы. Польшча даўно сцвярджае, што лагеры смерці былі створаныя ўжо пасля нямецкай акупацыі, таму называць іх «польскімі» няправільна.
Законапраект прадугледжвае, што за ўжыванне фразы «польскія лагеры смерці» чалавек можа быць пазбаўлены волі на тры гады.
Перш чым законапраект стане законам, яго павінен прыняць Сенат і падпісаць прэзідэнт.
Пасля актыўных пратэстаў Ізраіля, Анджэй Дуда паабяцаў «пільна прааналізаваць» і перагледзець спрэчны законапраект.