На беразе Свіслачы каля гатэля «Беларусь» хочуць пабудаваць забаўляльны цэнтр ФОТЫ

як вам?

На вуліцы Старажоўскай у Мінску плануюць пабудаваць забаўляльны комплекс. Чатырохпавярховы будынак вышынёй амаль 20 метраў і агульнай плошчай каля 18 тысяч квадратных метраў мае размясціцца паміж Свіслаччу і будынкам банка «Масква-Мінск».

01.02.2018 / 16:34

На сайце адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы з'явілася паведамленне, у якім апісваецца будучы аб'ект. Жыхары Мінска могуць прыняць удзел у грамадскім абмеркаванні. 

Забудоўшчыкам выступае ЗАТ «Камкон». Кампанія арандавала ўчастак яшчэ 10 гадоў таму, але толькі цяпер ўзялася за яго.

Кіраўніцтва «Камкона» падзялілася з «Нашай Нівай» візуалізацыямі аб'екта, архітэктурны праект якога быў зроблены кампаніяй «Вараб'ёў і партнёры».

Малюнак гэты і ніжэй: «Вараб'ёў і партнёры». ЗАТ «Камкон» для nn.by

У моладзевым забаўляльным цэнтры плануецца размясціць кінатэатр, рэстаран з танцпляцоўкай, летняе кафэ, більярд, канферэнц-залу, кнігарню, зону продажу сувеніраў, выставачныя залы, адміністрацыйныя памяшканні. На двух падземных узроўнях размесціцца паркінг. 

Пакуль на месцы, дзе хутка мае распачацца будаўніцтва, знаходзіцца бункер, пабудаваны немцамі за часамі Другой сусветнай вайны. Пасля яго выкарыстоўвалі савецкія вайсковыя сувязісты. Цяпер бункер не выкарыстоўваецца і знаходзіцца ў закінутым стане.

Ілья Параскевіч