Алесь Чыгір зноў за кратамі

Ад сёньня ён будзе адбываць пакараньне ў ізалятары часовага ўтрыманьня

01.10.2008 / 14:30

Сёння, 1 кастрычніка, бабруйскаму грамадскаму актывісту Аляксандру Чыгіру давядзецца адправіцца ў ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання), каб адбыць вынесенае судом пакаранне — 10 сутак арышту.

Судовая справа была заведзена на Чыгіра пасля выпадка з таксістам, які 29 траўня вёз Аляксандра разам з дачкой і жонкай дахаты. Таксоўшчык адмовіўся даць чэк (касавага апарата ў яго не было), і завёз пасажыра ў пастарунак. Пасля гэтага Аляксандра Чыгіра абвінавацілі ў пагрозах у адрас таксоўшчыка, пашкоджанні машыны і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Негледзячы на нанесеныя міліцыянтамі пабоі, іх дзеянні былі прызнаны судом правамернымі, а Чыгіра пакаралі 10 суткамі арышта і штрафамі. Негледзячы на тое, што справа разглядалась яшчэ летам, «садзяць» грамадскага актывіста толькі зараз.

‑ Скончылісь выбары, і ўлада ўзялась за старое, — кажа Аляксандр Чыгір. — Замежныя назіральнікі, праваабаронцы з’ехалі і зноў пачалося «дабіванне» грамадзянскай супольнасці. Знішчэння ўсяго «жывога» і свабоднага. Наперадзе мяне яшчэ чакае выплата штрафаў і грамадзянскі суд… Маё меркаванне такое, што гэта таксама элемент таго ж самага «дабівання» — мэтанакіраванага і прадуманага.