Intel паказала разумныя акуляры, якія праецыруюць выяву наўпрост на вока
Кампанія Intel займаецца распрацоўкай уласных «разумных» акуляраў Vaunt, якія вонкава нічым не адрозніваюцца ад звычайных, у адрозненне ад акуляраў іншым кампаній, «разумнасць» якіх выдаюць розныя сістэмныя элементы. Пра футурыстычную распрацоўку стала вядома з эксклюзіўнага матэрыялу, які выйшаў на The Verge.
07.02.2018 / 10:19
Прататып, паказаны журналістам, мае пластыкавую аправу, у якую замест празрыстага шкла могуць быць устаўленыя карэктуючыя лінзы з дыёптрыямі. Вага акуляраў не перавышае 50 грамаў, пры гэтым унутры іх змясціліся працэсар, акумулятар, Bluetooth-чып, компас, акселерометр і маламагутны лазер 1-га класа, які не шкодзіць здароўю.
Манахромны лазер Vaunt праецыруе на сятчатку вока выяву чырвонага колеру з разрозненнем 400 на 150 пікселяў. У адрозненне ад, напрыклад, Google Glass, у акуляраў ад Intel няма ні дынаміка, ні камеры: яны прызначаныя выключна для вываду апавяшчэнняў са смартфона.
Мяркуецца, што ўладальнікі прылады змогуць кіраваць ёю жэстамі, напрыклад кіўкамі галавы. Будучыя ж мадэлі Vaunt будуць абсталёўвацца мікрафонам з доступам да галасавых памочнікаў, такіх як, напрыклад, Siri.
Дата выхаду акуляраў на рынак не раскрываецца.