Дзень культуры — цывілізацыйны выбар Славеніі

09.02.2018 / 14:10

8 лютага ў Славеніі дзяржаўны выхадны — Дзень культуры. Нічога не працуе, нават супермаркеты. Адчыненыя сёння толькі дзверы музеяў і ўстаноў культуры, уваход бясплатны, кожная такая арганізацыя рыхтуе спецыяльную праграму на гэты дзень.

А святкуюць, як гэта ні дзіўна, дзень смерці іх класіка, іх Янкі Купалы — паэта-рамантыка Прэшэрна. Ён быў заснавальнікам сучаснай славенскай мовы. Чаму святкуюць менавіта дзень смерці? Бо на пахаванне паэта з'ехалася нечуваная колькасць людзей з усіх куткоў Славеніі, што стала сімвалам нацыянальнага абуджэння і адзінства.