Намеснік міністра замежных спраў Расіі пабудаваў царкву пад Магілёвам ФОТАФАКТ

14.02.2018 / 10:17

На ўездзе ў аграгарадок Межысеткі ў Магілёўскім раёне з'явіўся нядаўна новы храм у гонар Святога Уладзіміра. Гэта падарунак мясцовым жыхарам ад намесніка міністра замежных спраў Расіі Алега Сырамолатава, паведамляе sb.by.

З гэтай зямлёй звязана жыццё блізкіх расійскага чыноўніка, пра што сведчаць імёны на мемарыяльнай дошцы, што на сцяне побач з уваходам у царкву:

«Храм гэты збудаваны з дабрславення епіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія спадзяваннімі і руплівасцю Сырамалотава Алега Уладзіміравіча ў памяці пра бацькоў, бабуль і дзядуль: Уладзіміра Кузьміча і Надзеі Мінаўны, Кузьмы Іванавіча і Сафіі Іванаўны, Міна Захаравіча і Варвары Ігнацьеўны».

Сам Алег Уладзіміравіч у месцах, адкуль яго родавыя карані, бываў толькі наездамі — прыязджаў у госці да дзеда. Але ў Межысетках яго ведаюць і ўдзячныя за добры ўчынак.