Гамяльчук да смерці збіў цяжарную жонку: ён некалькі гадоў збіваў яе, яна маўчала

14.02.2018 / 12:53

Падрабязнасці распавяла ў эфіры «Альфа Радыё» Юлія Ганчарова, афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта.

Мужчына збіваў жонку на працягу некалькіх гадоў. Але яна кожны раз пакрывала мужа.

Адзін раз яна паведаміла, што пашкоджанні атрымала ў выніку падзення ў пад'ездзе, казала, стукнулася тварам аб прыступкі. Другі — што прыйшла дадому нападпітку, пасварылася з мужам і сама па неасцярожнасці ўдарылася.

У снежні 2015 года мужчына ўсё ж быў асуджаны, атрымаў штраф, хаця на судзе жанчына заявіла пра адсутнасць прэтэнзій да мужа. Праз паўгода была заведзена яшчэ адна крымінальная справа, але пазіцыя жонкі заставалася ранейшай. Муж і жонка працягвалі жыць разам, нягледзячы на ўгаворы родных развесціся.

Улетку 2017 года чарговае збіццё скончылася смерцю жанчыны. Яна была на 14-тыдні цяжарнасці.

Муж злоўжываў алкаголем, раней прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці за дробнае хуліганства. Цяпер мужчына пад вартай, яго лёс вырашыць суд.

УШ