Пад карцінай Пабла Пікаса знайшлі схаваны малюнак ФОТА

Група навукоўцаў з ЗША і Канады даследавала карціну Пабла Пікаса «La Miséreuse accroupie» («Жабрачка, якая сядзіць на кукішках»). Яны вывучылі пейзаж, верагодна, рукі іншага мастака, знойдзены раней пад пластом фарбы. Пра сваю працу навукоўцы распавялі на штогадовай канферэнцыі Амерыканскай асацыяцыі садзейнічання развіццю навукі, якая праходзіць з 15 па 19 лютага ў ЗША, перадае «Індыкатар». 

19.02.2018 / 13:01

Аўтары даследавання ўжывалі метады сканавання, якія выкарыстоўваюць святло розных дыяпазонаў.

Фота: Мастацкая галерэя Антарыа

Пра тое, што пад партрэтам жанчыны схаваны пейзаж, навукоўцы ўжо ведалі, а цяпер яны здолелі разгледзець яго падрабязней. Таксама аўтары працы змаглі ўбачыць прамежкавыя варыянты карціны.

Навукоўцы вызначылі, што сваю карціну Пікаса напісаў паверх працы іншага мастака, павярнуўшы яе на 90°, прычым лініі пейзажу зніклі не цалкам.

Напрыклад, краі скалаў ператварыліся ў лінію спіны жанчыны. Акрамя гэтага, навукоўцы прасачылі змены ў самой карціне: спачатку Пікаса намаляваў жанчыну з дыскам (магчыма, талеркай) у правай руцэ, а потым «схаваў» руку пад накідку.

nn.by