ЮНІСЕФ: Беларусь увайшла ў топ-10 краін свету з самай нізкай дзіцячай смяротнасцю

Згодна з ЮНІСЕФ, Беларусь увайшла ў топ-10 краін свету з самай нізкай дзіцячай смяротнасцю.

21.02.2018 / 17:10

Адзначаецца, што самая спрыяльная краіна для нованароджаных — Японія. Там памірае толькі 1 з 1 111 немаўлятаў. Далей ідуць Ісландыя, Сінгапур, Фінляндыя, Эстонія, Славенія, Кіпр. Беларусь размясцілася на восьмым радку з паказчыкам смяротнасці 1 з 667 немаўлятаў. Такі ж, як у Беларусі, паказчык дзіцячай смяротнасці ў Люксембурга, Нарвегіі і Паўднёвай Карэі.

Самы высокі ўзровень смяротнасці сярод нованароджаных зафіксаваны ў Пакістане. Згодна з дакладам, у гэтай краіне памірае 1 з 22 немаўлятаў.

Таксама адзначаецца, што 8 з 10 самых небяспечных месцаў для нараджэння дзяцей знаходзяцца ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары, дзе цяжарныя жанчыны значна радзей атрымліваюць дапамогу ў час родаў з-за галечы, канфліктаў і слаба развітых медыцынскіх устаноў. Калі б у кожнай краіне ўзровень смяротнасці нованароджаных знізіўся да сярэдняга ўзроўню да 2030 года, то можна было б выратаваць 16 млн жыццяў.

Nina.nn.by