Жыхар Воранава паспрабаваў ударыць пагранічніка — у выніку штраф 3450 рублёў
Суд аштрафаваў 28-гадовага жыхара Воранава. Мужчына пасварыўся з памежнікам, які ўдзельнічаў у рэйдзе па пошуку кантрабандыстаў, паведамляе Дзяржпагранкамітэт.
22.02.2018 / 17:21
Здарэнне адбылося яшчэ 7 ліпеня.
«У выніку ў населеным пункце Катрымоўшчына была выяўлена група мужчын, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Адзін з іх неаднаразова абразіў памежніка, а затым паспрабаваў прымяніць фізічную сілу», — распавялі ў ДПК.
Была заведзеная крымінальная справа за публічную абразу прадстаўніка ўлады і гвалт у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі.
У выніку раённы суд аштрафаваў мужчыну на 3450 рублёў. Нядаўна прысуд уступіў у законную сілу.