Кіроўца БМВ, які ў Мінску на АЗС насмерць збіў жанчыну, атрымаў два гады калоніі-пасялення

27.02.2018 / 13:22

Да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні прысудзіў суд Маскоўскага раёна Мінска 34-гадовага мужчыну, які на сталічнай запраўцы 29 верасня насмерць збіў жанчыну. Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік Мінскага гарадскога суда Анастасія Шыльвян.

Паводле прысуду мужчына прызнаны вінаватым у парушэнні ПДР асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. На падставе ч. 2 арт. 317 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення. Таксама ён пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем усімі відамі транспартных сродкаў, на тэрмін 5 гадоў.

Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.