У Македоніі тысячы выйшлі на пратэст супраць саступак Грэцыі пра назву краіны
05.03.2018 / 10:59
Некалькі тысяч македонцаў зноў сабраліся ў Скоп'е, каб выказаць пратэст супраць пагаднення з Грэцыяй, што можа прывесці да змены назвы краіны.
Пра гэта паведамляе The Guardian.
Свой нядзельны мітынг пратэстоўцы, якія абвінавачваюць урад і галоўную апазіцыйную партыю ў здрадзе нацыянальным інтарэсам, пачалі каля статуі Аляксандра Македонскага на галоўнай плошчы горада Скоп'е.
«Мы сабраліся тут, бо мы павінны заняць сваю пазіцыю па пытанні назвы, ідэнтычнасці, Канстытуцыі і мовы», — заявілі арганізатары сходу.
Паведамляецца, што пратэстоўцы запатрабавалі, каб прэм'ер-міністр краіны Зоран Заеў спыніў перамовы з Грэцыяй па рашэнні спрэчкі з нагоды назвы.
Яны таксама хочуць рэзалюцыю ААН, якая патрабавала прызнання за краінай яе назвы Македонія.