У Расіі паказалі ВІДЭА запуску ракеты, хуткасць якой у 10 разоў перавышае хуткасць гуку

Расія заявіла, што паспяхова запусціла гіпергукавую ракету, здольную несці ядзерную боегалоўку, перадае Daily Mail. Відэа запуску даступнае ў інтэрнэце.

12.03.2018 / 14:29

Гіпергукавая высокадакладная ракета «Кінжал» здольная развіваць хуткасць больш за 12 тысяч кіламетраў за гадзіну і паражаць аб'екты ў радыусе каля 2 тысяч кіламетраў. Ракета была запушчана са звышгукавога знішчальніка-перахопніка МіГ-31, які ўзляцеў з аэрадрома ў Паўднёвай ваеннай акрузе. «Запуск прайшоў па плане, гіпергукавая ракета паразіла цэль», — паведамілі ў Мінабароны Расіі. 

На відэа два пілоты спачатку рыхтуюцца да палёту, а затым бягуць да самалёта, узброенага масіўнай ракетай. Падчас палёту ракета аддзяляецца ад самалёта і ляціць па небе, пакідаючы вогненны след ззаду сябе. Паведамляецца, што было праведзена каля 250 трэніровачных палётаў у розны час сутак, пры любых умовах надвор'я.

Кадр з відэа

Ракета «Кінжал» стала адным з новых відаў зброі, прадстаўленых Пуціным падчас яго паслання Федэральнаму сходу ў пачатку сакавіка, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

nn.by