Рэзідэнт «Вялікага каменя» паставіў у Беларусь беспілотныя аўтамабілі для правядзення выпрабаванняў

ТАА «Міжнародная тэхналагічная кампанія «Інтэлектуальнае абсталяванне» паставіла ў Беларусь два беспілотныя аўтамабілі для правядзення выпрабаванняў, паведамляе БелТА.

12.03.2018 / 19:23

Беспілотны аўтамабіль Google. Фота мае ілюстрацыйны характар. Handout/Reuters.

«Адзін з нашых рэзідэнтаў будзе займацца выпрабаваннем беспілотных аўтамабіляў на электрычнай цязе. Яны паставілі ўжо ў Беларусь два такія аўтамабілі. Цяпер мы актыўна прапрацоўваем пытанне з тым, каб пачаць выпрабаванні, напрацоўваем базу для руху гэтага праекта наперад, таму што ён сапраўды вельмі цікавы», — адзначыў Аляксандр Ярашэнка, кіраўнік беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень».

Як паведамлялася, дамова з «Інтэлектуальным абсталяваннем» прадугледжвае, што інвестар на працягу 2018-2020 гадоў пабудуе навукова-даследчы цэнтр агульнай плошчай больш як 30 тысяч м2. Аб'ём інвестыцый складзе каля $5 мільёнаў.

nn.by