Скаргу Зэльцэра разгледзяць 31 кастрычніка

09.10.2008 / 13:29

Гэта будзе другая спроба разгледзіць скаргу Э.Зэльцэра ў Вярхоўным судзе Беларусі.

Першы раз разгляд плянаваўся на 26‑е верасьня, але быў адкладзены. «Прычына ў неабходнасьці запатрабаваць пэўныя дакумэнты», ‑‑ патлумачылі тады ў прэсавай службе суду. Назіральнікі не выключалі, што адтэрміноўка была зьвязана і з выбарамі, якія праходзілі 28‑га верасьня.

Нагадаем, адвакат з ЗША Эмануіл Зэльцэр разам з сакратаркай Уладленай Функ быў затрыманы 2‑га сакавіка ў менскім аэрапорце. Паводле зьвестак, яны прыляцелі ў Менск ў справе спадчыны заўчасна памерлага ў Лёндане грузынскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Вядома, што на частку гэтай спадчыны прэтэндуе расейскі ўцякач, міліярдэр Барыс Беразоўскі. Сваякі Э. Зэльцэра заяўляюць, што гэта ён спрычыніўся да арышту і суду над адвакатам і яго сакратаркай. Барыс Беразоўскі называе Эмануіла Зэльцэра «махляром» і не камэнтуе зьвесткі пра тое, што ён нібыта тройчы за апошні час прылятаў у Менск.

Уладлена Функ была асуджаная на год калёніі. Яе скаргу таксама разгледзіць Вярхоўны суд.