Памёр Стывен Хокінг
14.03.2018 / 07:47
Раніцай 14 сакавіка ў сваім доме ў Кембрыджы на 77 годзе жыцця памёр англійскі фізік-тэарэтык і папулярызатар навукі Стывен Уільям Хокінг, паведамляе «Бі-бі-сі» са спасылкай на заяву яго сям'і.
Ён вывучаў тэорыю ўзнікнення свету ў выніку Вялікага выбуху, тэорыю чорных дзір. Вучоны з'яўляецца аўтарам вядомых кніг «Кароткая гісторыя часу», «Чорныя дзіры і маладыя сусветы», «Свет у арэхавай шкарлупіне».
Стывен Хокінг нарадзіўся 8 студзеня 1942 года ў Оксфардзе. У 1962 годзе ён скончыў Оксфардскі ўніверсітэт, а затым атрымаў доктарскую ступень Кембрыджскага ўніверсітэта.
У 1963 годзе 22-гадоваму Хокінгу быў пастаўлены дыягназ бакавы аміятрафічны склероз (БАС). Дактары адводзілі яму не больш чым два-тры гады жыцця. Аднак ён працягнуў займацца актыўнай навуковай дзейнасцю, нават быўшы паралізаваным, прыкаваным да інваліднага вазка і кантактуючы з людзьмі праз камп'ютарны сінтэзатар маўлення.