У Барысаве п'яны 45-гадовы ўнук забіў бабулю, бо яна папрасіла яго не хадзіць раздзетым пасля душу

14.03.2018 / 13:26

45-гадовы жыхар Барысава абвінавачваецца ў здзяйсненні наўмыснага забойства сваёй 87-гадовай бабулі і замаху на наўмыснае забойства яе 78-гадовай знаёмай. Падрабязнасці сямейнай драмы распавялі ў пракуратуры вобласці.

П'яны мужчына 12 жніўня 2017 года дома ў ходзе раптоўна ўзніклага канфлікту з бабуляй і яе сяброўкай жорстка збіў абедзвюх пажылых жанчын: нанёс каля 40 удараў кожнай рукамі і нагамі па розных частках цела, у тым ліку ў жыццёва важныя органы — галаву, шыю, грудную клетку. Ад атрыманых траўмаў бабуля абвінавачанага памерла на месцы.

Другой жанчыне ўдалося збегчы — і ёй аператыўна аказалі дапамогу медыкі.

Як распавялі ў пракуратуры, канфлікт у сям'і паўстаў з-за таго, што бабуля зрабіла заўвагу ўнуку: папрасіла яго не хадзіць па вуліцы раздзетым пасля душу.

Мужчыну пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 25 гадоў, або пажыццёвае зняволенне, або смяротнае пакаранне. Справа пайшла ў суд.