Чацвёра ў цяжкім стане: тураўтобус з Беларусі трапіў у аварыю ў Пскоўскай вобласці

23.03.2018 / 10:03

Турыстычны аўтобус з Беларусі трапіў у аварыю ў Пскоўскай вобласці. Аўтобус, у якім знаходзілася 50 чалавек, сярод іх 11 дзяцей, сутыкнуўся з легкавіком.

У ДТЗ пацярпелі 18 чалавек, у тым ліку сем дзяцей і кіроўца аўтобуса «Мерседэс». Пра гэта ТАСС паведамілі ў прэс-службе УУС Пскоўскай вобласці.

Сутыкненне адбылося на 222-м км федэральнай трасы Санкт-Пецярбург — Невель, пасля таго як аўтамабіль «ВАЗ-2107» выехаў на паласу сустрэчнага руху.

Галоўны доктар пскоўскай абласной бальніцы Анатоль Волкаў паведаміў ТАСС, што ў чатырох пацыентаў цяжкі стан. Зараз у бальніцы знаходзяцца сем дарослых, яшчэ аднаго прывязуць з месца ДТЗ у бліжэйшы час. «Цяжкі стан у чацвярых, аказваем дапамогу, дыягназы не ставяцца ў пяць хвілін. З паступіўшых — двое жыхароў Пскоўскай вобласці, астатнія — беларусы», — сказаў Волкаў.

Галалёду на ўчастку, дзе адбылося ДТЗ, не было.