Выявілася, што Фэйсбук шпіёніць за званкамі і паведамленнямі карыстальнікаў 

У скандал вакол Facebook падлілі смалы. Выявілася, што сацыяльная сетка збірае інфармацыю аб тэлефонных размовах, а таксама аб адпраўленых і атрыманых паведамленнях карыстальнікаў. Як высветліў праграміст з Новай Зеландыі Дылан МакКей, гэтыя дадзеныя захоўваюцца ў архівах профіляў.

26.03.2018 / 17:05

МакКей правёў уласнае даследаванне, выпампаваўшы свой архіў дадзеных у сацыяльнай сетцы Facebook. Высветлілася, што дакумент змяшчае спіс адрасатаў тэлефоннае кнігі, інфармацыю аб усіх тэкставых паведамленнях і званках. Пра гэта хлопец паведаміў у сваім твітары.

Downloaded my facebook data as a ZIP file

Somehow it has my entire call history with my partner's mum pic.twitter.com/CIRUguf4vD

— Dylan McKay (@dylanmckaynz) 21 марта 2018 г.

Больш за ўсё праграміста здзівіла, што сацсетка збірала метададзеныя пра сотавую актыўнасць (працягласць званка, дату перадачы SMS-паведамлення і іншае).

Многія карыстальнікі таксама праверылі свае асабістыя архівы ў Facebook і высветлілі, што МакКей мае рацыю. Напрыклад, амерыканскі пісьменнік Мэт Джонсан распавёў, што інфармацыя аб яго званках гадавой даўнасці таксама захоўваецца сацсеткай. Пры гэтым ён сцвярджае, што амаль не карыстаўся Facebook: у яго тэлефоне быў захаваны мабільны дадатак, аднак ён даўно забыўся пра яго існаванне.

Oh wow my deleted Facebook Zip file contains info on every single phone cellphone call and text I made for about a year- cool totally not creepy.

— Mat Johnson (@mat_johnson) 23 марта 2018 г.

У каментарах пішуць, што такая праблема закранула большасць смартфонаў на АС Android, якія па змаўчанні сінхранізуюць спіс сяброў на Facebook з спісам кантактаў мабільнага.

У падтрымцы сацсеткі карыстальнікам рэкамендуюць самастойна адключыць доступ дадатка да адраснай кнігі, калі ім не падабаецца збор такое інфармацыі. Аднак тое, навошта Facebook патрэбныя звесткі аб званках і паведамленнях, прадстаўнікі сацсеткі не пракаментавалі. 

Гэта — другі за апошні час скандал, звязаны з выкарыстаннем сацыяльнай сеткай Facebook асабістай інфармацыі карыстальнікаў. 

Чытайце: Што трэба ведаць пра скандал вакол «Фэйсбука»: пяць асноўных фактаў пра тое, што здарылася

nn.by