«Шкада было людзей» — старшыня сельвыканкама растлумачыла, чаму складала пратаколы на вяскоўцаў і сама плаціла штрафы

27.03.2018 / 23:34

Вольга Дадыкіна, старшыня Мушынскага сельскага выканкама, што ў Амсціслаўскім раёне, на пасадзе ўжо каля 10 гадоў. Пакуль што яна працягвае працу.

Але нядаўна на жанчыну завялі крымінальную справу, ёй пагражае ад 3 да 10 гадоў зняволення.

Дадыкіну вінавацяць у тым, што ў 2015 і 2016 гадах яна складала на вяскоўцаў адміністратыўныя пратаколы, якія пасля сама ж і аплачвала.

Чытайце: Каб палепшыць статыстыку, старшыня сельвыканкама пад Амсціславам цішком складала пратаколы на вяскоўцаў і сама плаціла штрафы

Вольга Дадыкіна, фота ok.ru

Як паведамляе Камітэт дзяржкантролю, Дадыкіна рабіла гэта, «каб стварыць бачнасць актыўнай працы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў». Бо іначай яе саму маглі б прыцягнуць да адказнасці за бяздзейнасць.

Вольга Яўгеньеўна растлумачыла «Нашай Ніве» падрабязнасці абсурднай гісторыі.

«Усе пратаколы я складала за смецце, побытавыя адкіды, якія ляжаць на ўчастках, ля хат…

2015—2016 гады былі вельмі напружанымі. Прыязджалі шмат разоў санстанцыі, правяралі. З нас патрабавалі штотыдзень: што з пратаколамі, колькі за тыдзень? Прыходзілася складаць.

Кожны квартал мы давалі справаздачы ў Магілёў, колькі складзена адміністратыўных пратаколаў за побытавае смецце. Такі перыяд быў.

Але пратаколы складаліся не таемна. Прыязджалі санстанцыя і «экалогія», рабілі заўвагі. Пасля я складала пратакол і паведамляла чалавеку, што зрабіла, давала яму прадпісанне. Пасля прыязджалі і правяралі — прыбралі яны ці не. Часам прыходзілася нам самім нават прыбіраць!» — распавядае Дадыкіна.

«Ды і сама я плаціла. «Экалогія» на мяне складала пратаколы за смецце. Я плаціла па 30 базавых, — узгадвае яна. —

Але вяскоўцам я пісала мінімальныя сумы штрафаў — 0,1 базавую. Тады былі мізэрныя заробкі і выпісваць па максімуму, ведаеце… Шкада было людзей. Плаціць ім усё роўна не было чым.

Гэта рабілася не для таго, каб кагосьці пакараць… Хаця пакараць, можа, і варта было. На тых, на каго складаліся пратаколы, было за што складаць. Гэта не тое, што вось, мне захацелася і я склала…

Часам аплачвала штрафы сама. Бо калі штраф не аплачаны ў пэўны тэрмін, справа ідзе ў суд. Таму я і плаціла, каб на людзей у суд не падавалі.

Некаторыя вярнулі грошы пасля. Некаторыя — не».

УШ