На выходных — дажджы, пацяплее, але ў панядзелак зноў пахаладае

Праўда, на выходных па поўдні краіны пацяплее да +13—16 градусаў.

29.03.2018 / 12:17

Delfi.lt

У пятніцу чакаюцца мокры снег і дождж. Уначы будзе ад + 1 на паўднёвым захадзе да 9 марозу па паўночным усходзе. Удзень будзе ад нуля да +6, на Берасцейшчыне цяплей: +7—11.

У суботу, 31 сакавіка, удзень пад уплывам атмасфернага фронту з Карпатаў на большай частцы тэрыторыі — пройдуць дажджы. Удзень — +3—9, па паўднёвым захадзе да +10-13 градусаў.

У нядзелю 1 красавіка, на каталіцка-пратэстанцкі Вялікдзень, будзе цёплае, але сырое надвор'е. Будуць ісці кароткачасовыя дажджы, днём у асобных раёнах моцныя. Удзень ад +6 па поўначы да +16 па Гомельшчыне.

У панядзелак, 2 красавіка, надвор'е вызначыць цыклон, які перамесціцца з тэрыторыі Польшчы на Беларусь. Удзень пачне паступаць больш халоднае паветра са Скандынавіі.

Чакаецца дождж, мокры снег, ноччу і раніцай у асобных раёнах — моцныя ападкі. У многіх раёнах яны будуць суправаджацца моцным парывістым ветрам. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе +2—8.