Рэха 25 сакавіка: актывісту забаранілі ўезд у Беларусь на 5 год, яго чакае дэпартацыя

30.03.2018 / 11:35

Руслан Канавалаў

Раніцай 25 сакавіка на чыгуначным вакзале ў Баранавічах быў прэвентыўна затрыманы актывіст Руслан Канавалаў, які збіраўся прыняць удзел у святочным мітынгу і канцэрце ў Мінску, прысвечаным 100-годдзю БНР.

Падчас праверкі дакументаў высветлілася, што Руслан мае грамадзянства Расійскай Федэрацыі, а 90-дзённы тэрмін яго знаходжання на тэрыторыі Беларусі якраз завяршыўся.

Аддзел па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага РУУС прыняў рашэнне аб забароне ўезду ў Беларусь для Канавалава на 5 год, а яго да моманту дэпартацыі змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Руслан дзясятак гадоў жыве ў Беларусі, мае тут шмат сяброў і працу. З-за расійскага грамадзянства быў вымушаны раз на тры месяцы выязджаць у Расію, а затым вяртацца ў Баранавічы. Аднак перад 25 сакавіка не зрабіў гэтага, і яму пагражае непазбежная дэпартацыя.