Экшн пад Оршай: узброены вясковец распыліў слезацечны газ у міліцыянта і збег у лес, па трывозе паднялі ўнутраныя войскі
30.03.2018 / 12:15
29 сакавіка у Аршанскім раёне і прылеглых раёнах Віцебскай і Магілёўскай вобласці быў уведзены спецыяльны план па затрыманні злачынцы.
Асабісты склад Аршанскага РАУС, АМАП УУС, а таксама вайскоўцы ўнутраных войскаў былі паднятыя па трывозе. Затрымлівалі мужчыну, які парэзаў нажом супрацоўніка міліцыі.
Трохі раней міліцыянты з горада Барань разам з мясцовым участковым прыехалі ў вёску Хімінічы Аршанскага раёна. Міліцыянты мелі намер праверыць, ці не датычны мясцовы жыхар да ўзгарання дачнага дома, якое адбылося ў вёсцы Пагосцік.
48-гадовага мужчыну сустрэлі на ўскраіне вёскі. Пры размове з супрацоўнікамі міліцыі ён дастаў нож. Пры затрыманні аказаў актыўны супраціў, распыліў ў твар аднаго супрацоўніка слезацечны газ, а другому нанёс некалькі нажавых раненняў, пасля чаго схаваўся ў найбліжэйшым лесе.
Тады і паднялі АМАП. Праз чатыры гадзіны мужчыну блакавалі ў раёне чыгуначнага пераезду вёскі Дзятлава і затрымалі. Пры сабе ў яго было два нажы. Паранены міліцыянер знаходзіцца ў рэанімацыі.
А вяскоўцу за спробу забіць міліцыянта цяпер можа пагражаць ад 10 да 25 гадоў альбо нават пажыццёвае ці расстрэл.