Прапаршчыка з Печаў, які катаваў салдатаў электрашокерам, пакаралі 5 гадамі зняволення

30.03.2018 / 16:15

30 сакавіка ў судзе Барысава і Барысаўскага раёна абвешчаны прысуд прапаршчыку Ігару Хішчанку з 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах, паведамляе Радыё Свабода.

Яго прызналі вінаватым у службовых злоўжываннях, здзеку з салдатаў, атрыманні хабару ды іншых злачынствах. Ігар Хішчанка асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем звання прапаршчыка.

Працэс над Ігарам Хішчанкам праходзіў з пачатку сакавіка, суд выслухаў, у тым ліку праз відэасувязь, 18 пацярпелых і 17 сьведак, вывучыў 15 тамоў крымінальнай справы.

Паводле следства, прапаршчык Ігар Хішчанка ўжываў да вайскоўцаў, якія праходзілі навучанне ў 72-м вучэбным цэнтры, электрашокер, караў іх за нязначныя парушэнні дысцыпліны ўдарамі па галаве, біў па целе ўказкай і скруткамі з газет, прымушаў купляць яму ў краме прадукты і цыгарэты, абражаў словамі ды здзекаваўся. У тым ліку, паводле сьведак, прапаршчык прымусіў шарагоўца з'есці цыбуліну за тое, што той з'еў у салдацкай сталоўцы лішні сьняданак.

Збольшага сваю віну Ігар Хішчанка ў судзе прызнаў, у тым ліку тое, што караў недазволенымі метадамі сваіх падначаленых. Ён тлумачыў гэтыя ўчынкі тым, што не мог інакш навесьці парадак і дысцыпліну. Як і на сьледзтве, прапаршчык папрасіў у судзе прабачэння ў пацярпелых.

Як вынікае з матэрыялаў справы, злачынствы Ігара Хішчанкі адбываліся ў 2016 і 2017 гадах. Праверка дзеянняў прапаршчыка пачалася ўвесну 2017 года, а ягоная крымінальная справа была завершаная і перададзеная ў суд ужо пасля смерці ў 72-м вучэбным цэнтры салдата Аляксандра Коржыча.