На тэлеканалах павінна будзе транслявацца не менш за 30% беларускага кантэнту

02.04.2018 / 20:59

Беларускія тэлеканалы будуць абавязаныя трансляваць не менш за 30% кантэнту нацыянальнай вытворчасці, калі ў закон «Аб СМІ» будуць прынятыя адпаведныя папраўкі.

«Юрыдычныя асобы, на якія ўскладзены функцыі рэдакцыі тэлевізійнага сродку масавай інфармацыі, павінны забяспечыць у штотыднёвым аб'ёме вяшчання тэлепраграм, што выпускаюцца імі, тэлеперадач беларускай (нацыянальнай) вытворчасці не менш як 30 працэнтаў [ад агульнай колькасці]», — гаворыцца ў праекце змен заканадаўства.

Як лічыць долю тэлеперадач, вызначыць урад.

Павелічэнне колькасці ўласных тэлепраграм будзе спрыяць змяншэнню ўплыву расійскага медыярынку на Беларусь.

БЮ