«Арганіст». Як Адольф Клімовіч сем гадоў хаваўся пад носам у савецкіх спецслужбаў
Чым больш ты ўскладняеш задачы тых, хто цябе пераследуюць, чым менш ты ім гаворыш, тым больш шанцаў у цябе і ў тваіх сяброў выжыць. Клімовіча расстралялі б, але праз пяць дзён пасля вынясення прысуду памёр Сталін. Расстрэл замянілі на 25 гадоў лагераў. Клімовіча ўратавала тое, што ён так доўга хаваўся.
08.03.2024 / 20:06
Пра складаныя дачыненні лідара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, выдаўца, журналіста Адольфа Клімовіча з савецкімі спецслужбамі перад вайной мы пісалі ў артыкуле «Завербаваць Клімовіча. Каб сачыць за ім — завербаваць Грабінскага. Каб сачыць за Грабінскім — завербаваць Сергіевіча»: як НКВД хацеў паставіць заходнебеларускую інтэлігенцыю на калені».
Вярбоўка ў 1941 скончылася нічым: пачалася вайна. У час нямецкай акупацыі Клімовіч працаваў у грамадска-дабрачыннай арганізацыі «Беларуская народная самапомач» у Лідзе. Вядома, што ён дабіўся вызвалення з гестапа паэта-камуніста Валянціна Таўлая. Пасля вайны ён знік, і «органы» шукалі яго як «агента нямецкай разведкі».
Студэнцкае пасведчанне Адольфа Клімовіча. З матэрыялаў справы.
Рэч у тым, што некалькі хлопцаў-беларусаў з Ліды адправіліся ваяваць з бальшавікамі на баку немцаў, немцы іх адправілі ў разведшколу Дальвіц. Гэтага было дастаткова, каб Клімовіча, як беларускага актывіста, западозрылі ў вярбоўцы агентаў для немцаў.
Падставай для пачатку гэтай справы, адшуканай у Асобым архіве Літвы, стала агентурнае паведамленне, якое паступіла 25 красавіка 1945 года ў аддзел контрвыведкі СМЕРШ Заходняга фронту.
Агент Мечыслаў паведамляў:
«…у Вільні па вуліцы Антокальскай № 35 пражывае сямейства Клімовіча, якое складаецца з яго жонкі, па імені Вераніка, або Вера, двух дзяцей і нейкай сваячкі. У той жа кватэры пражывае кватарантка Вішнеўская са сваёй дачкой… Крыніцы вядома, што сам Клімовіч … з'яўляўся выбітным беларускім нацыяналістам …
2—3 дні таму кватэру крыніцы наведала Вішнеўская, якая паведаміла, што Клімовіч працуе дзесьці ў Літоўскай ССР арганістам у адным з літоўскіх касцёлаў. Часам прыязджае ў Вільню і ў начны час, калі спяць яго дзеці, заходзіць на кватэру да сваёй жонкі, а раніцай з кватэры сыходзіць і кудысьці з'язджае.
Апошні раз Клімовіч кватэру жонкі наведаў месяц таму».
Агенту Мечыславу адразу ж было дадзена заданне: праз Вішнеўскую высветліць, дзе жыве Клімовіч. Адначасова былі актывізаваныя і іншыя агенты.
Агенты-суседзі
Агент па мянушцы Мар'ян, напрыклад, жыў у суседняй з Клімовічамі кватэры. У чэрвені ў акружэнне жонкі Клімовіча быў уведзены новы інфарматар, жанчына з агентурным псеўданімам Сакалоў: «…У крыніцы з Клімовіч Веранікай узнікаюць добрыя ўзаемаадносіны, а менавіта: Клімовіч прапанавала крыніцы з'ездзіць з ёй у вёску да яе родных па прадукты. На просьбу крыніцы пазнаёміцца з добра знаёмымі аб'екту жыхарамі Вільні, каб бавіць разам вольны час, — Клімовіч абяцала выканаць гэта…». Крыніца некалькі разоў спрабавала перавесці размову на тэму мужа, але Вераніка казала, што не хоча пра яго гаварыць.
«Сакалову» ўдалося даведацца, што маці Адольфа жыве ў Свянцянах. Аднак крыніца Мар'ян называла іншы адрас — хутар Бастуны ў раёне станцыі Беняконі і нават меркавала, што Клімовіч хаваецца ў маці.
Цікава, што спецслужбы не мелі нават апісання знешнасці Клімовіча. І Сакалову, і Мар'яну было дадзена заданне здабыць яго фота.
На 1946—1947 гады быў складзены падрабязны план дзеянняў «па вышуку кіраўніка «Беларускага нацыяналістычнага (так у дакументах) камітэта», старшыні ЦК «Беларускага цэнтра ў Літве» і старшыні ЦК нацыяналістычнай беларускай партыі «Беларуская сялянская (так у дакументах: «крестьянская» замест «хрістіанская») дэмакратыя»… Клімовіча Адольфа Юсцінавіча».
План прадугледжваў:
— атрымаць поўныя звесткі на жонку Клімовіча і сваякоў, якія жывуць з ёй, і асяроддзе па кватэры;
— высветліць іх блізкія сувязі па Вільні. Усе роднасныя і іншыя сувязі Клімовіч праверыць паводле аператыўных улікаў (г.зн. выявіць агентаў у яе атачэнні і прыцягнуць да «працы»);
— з блізкіх сувязяў Клімовіча і яго жонкі падабраць, а затым правесці шэраг вярбовак;
— увесці «ПК» на перапіску жонкі Клімовіча і ўсіх яго блізкіх сваякоў.
ПК — гэта «перлюстрацыя карэспандэнцыі». ПК была ўведзеная і за ўсёй магчымай агульнасаюзнай перапіскай Адольфа Клімовіча — любы ліст, дасланы ім з любой часткі СССР, трапіў бы да чэкістаў. У аддзел «В» МГБ ЛССР сцякаліся копіі лістоў ад усіх цёзак Клімовіча. Правяралася і перапіска сясцёр Веры. Але вынікаў гэта не дало.
Адпрацоўка кантактаў у Беларусі
Паралельна пошукі Клімовіча ішлі і ў Беларусі. Справа на «агента нямецкай выведкі» Адольфа Клімовіча была заведзеная ў чэрвені 1945 года АКР СМЕРШ Гродзенскага гарнізона. Апытваліся (і вербаваліся для вышуку Клімовіча, як Вера Бушліна) гаспадары дамоў у Лідзе, дзе ён жыў у час вайны, калегі па працы ў «Беларускай самапомачы». Усе дапытаныя, з тых, хто заставаўся на волі, давалі падпіску аб неразгалошванні.
У Лідзе працавалі і іншыя інфарматары: Маліш (куратар — маёр МГБ Траццяк) і Рыжэнка (куратар — капітан Гаўрылін). Апошні быў спецыяльна завербаваны і накіраваны ў Ліду, таму што добра ведаў у твар Клімовіча. Дзякуючы Рыжэнку, чэкістам удалося выйсці на яшчэ аднаго знаёмага Клімовіча — Мікалая Барысевіча, які ў вайну жыў у Лідзе. Яго завербавалі пад псеўданімам Марак.
Новы агент апісаў выгляд Клімовіча: «Сярэдняга росту, валасы сівыя, меў вусы, з выгляду Клімовіч меў вялікае падабенства з Гітлерам …». Таксама ён адзначыў, што «Клімовіч кожны тыдзень на 2—3 дні выязджаў у Вільню для наведвання ўніверсітэта, дзе ён нібыта выкладаў аграномію».
«Размаўлялі па-беларуску і вучылі гэтаму дзяцей»
У Вільні ж працягвалася сачэнне за жонкай. Агенты адзначалі, што Вераніка паводзіць сябе замкнёна, размоў пра мужа пазбягае.
Мар'ян выкарыстоўваў любую магчымасць, спрабаваў разгаварыць, нават калі Вераніка заходзіла да яго пазычыць мясасечку, але марна. Клімовіч не пускала яго ў сваю кватэру, і ён выкарыстоўваўся, па класіфікацыі саміх чэкістаў, як «агент-вартавы». Мар’ян у сваіх справаздачах складаў пагадзінны графік: хто да Веры ўваходзіў, хто выходзіў, калі, колькі прабыў…
28 лютага 1947 оперупаўнаважаны СМЕРШ малодшы лейтэнант Гінько дапытаў суседа Клімовіч, Вацлава Пляваку. Цікава, што з жыхароў свайго дома ён ведаў толькі траіх: Клімовіч, Валоўскую (пазней, як і Плявака, выехала ў Польшчу) і гадзіннікавага майстра Кукеля. Астатнія былі нядаўнімі прыезджымі.
Плявака пералічыў усіх вядомых яму сваякоў Клімовіч, сярод якіх назваў Яна Шутовіча, беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, брата Веры Клімовіч. Шутовіч на той момант знаходзіўся ў турме ў Мінску, ён вернецца з лагера толькі ў 1956 годзе. А яго жонка, літоўская паэтка Яна Міцюце, жыла недалёка, на гэтай жа вуліцы ў доме 30.
Плявака адзначаў, што Клімовічы былі нацыяналістамі-беларусамі і паміж сабой размаўлялі толькі на беларускай мове і вучылі гэтаму сваіх дзяцей.
Летам 1947 года Адольфа Клімовіча падалі ў агульнасаюзны вышук.
Сачэнне ўсіх за ўсімі
Агент Сакалоў часам выяўляла чыста жаночую інтуіцыю, што дазваляла ёй нават дэшыфраваць калег па нябачным фронце — напрыклад, суседку Клімовіч Баранаву:
«…У кватэры № 7 гэтага ж дома пражывае Баранава Кацярына, гадоў 35, Баранава ў блізкіх адносінах з сястрой Клімовіч… Баранава характарызуецца як вульгарная, грубая і разгульная жанчына, якая паводзіць сябе непрыстойна, мае вялікія сувязі сярод вайскоўцаў. Клімовіч вельмі не падабаецца сяброўства сястры з Баранавай…
…Баранава таксама мае сувязь з органамі контрвыведкі або МГБ …яна неаднаразова казала, што прызначыла спатканне і трэба пайсці выканаць заданне».
Чэкісты высветлілі, што Кацярына Баранава (1913 г.н., нар. у Ленінградскай вобл., працавала інспектарам у Ленінскім райвыканкаме Вільні) «знаходзіцца ў складзе агентурнай сеткі …працуе па выяўленні членаў польскіх падпольных арганізацый». Чэкісты дамовіліся аб выкарыстанні яе і для працы па Клімовічу.
Але з часам Вера Клімовіч страціла давер да «Сакалова». Асабліва яе падазрэнні выраслі пасля выкліку ў міліцыю нібыта для допыту па пытанні спекуляцыі. Падобна, следчы ў гутарцы спасылаўся на звесткі, якія былі вядомыя ад самой Клімовіч толькі Сакалову…
І 18 верасня 1947 у асяроддзі Веры Клімовіч з'явілася агент Раманава. Яна была знаёмая з Веранікай ад 1946 года і «пражывае ў адным доме і ў сумежнай кватэры з Клімовіч, працуе, як і Клімовіч, краўчыхай дома». Суседка дала такую характарыстыку Клімовіч: «Жыве вельмі добра, кватэра абстаўленая першакласнай мэбляй, мае вялікую бібліятэку разнастайных кніг, сама шмат чытае, даволі пісьменная і развітая жанчына». Зблізіцца ёй удалося пад легендай набыцця ў Веранікі казы. Агенту ўдалося даведацца, што ў Клімовіч ёсць цётка, якая часта прыязджае ў госці.
Раманава па заданні старшага ўпаўнаважанага капітана Елісеева павінна была паказаць яму на вуліцы цётку Веранікі, каб той прасачыў за ёй і арыштаваў нібыта за спекуляцыю, а потым дапытаў.
Акрамя таго, Раманава павінна была напрасіцца паехаць разам з Клімовіч да яе свякрухі, маці Адольфа, у вёску нібыта па танныя прадукты. Але Вераніка адмовіла ёй. Тады Раманавай прапанавалі больш не пытацца пра мужа, а збліжацца паступова — напрыклад, прапанаваць з'ездзіць з дзецьмі ў лес. А таксама пры выпадку паспрабаваць высветліць у дзяцей, дзе іх тата. На 8 сакавіка Раманавай парэкамендавалі запрасіць сястру Клімовіч, Маргарыту Шутовіч, да сябе ў госці, пасядзець, выпіць…
Каб зарабіць, Вера Клімовіч здавала пакой прыезджым. Усе яны станавіліся аб'ектамі ўвагі чэкістаў. У гэты час на кватэры ў Клімовіч жылі начальнік прадзабеспячэння лагера ваеннапалонных з жонкай — медсястрой гарнізоннага шпіталя Кацярынай Свяценка, якую таксама намецілі да вярбоўкі.
Між тым час ішоў, а Клімовіч не знаходзіўся. Не было толку ад шматлікіх агентаў, яны толькі фіксавалі падазроныя паводзіны самой Веранікі і… іншых інфарматараў. Бо ніхто з іх не ведаў пра таемнае жыццё іншых: яны толькі заўважалі, што нехта задае шмат пытанняў, нехта нешта вынюхвае, а хтосьці наогул кудысьці ходзіць ноччу… Напрыклад, агент Раманава адзначала ў справаздачах падазроныя паводзіны суседа Кукеля, які, найхутчэй, і быў агентам Мар'янам.
З 3 лютага 1950 года оперупаўнаважаны МГБ старшы лейтэнант Міціна прапанавала ўсталяваць за Веранікай вонкавае назіранне. Сачылі аж чатыры супрацоўнікі, складаючы амаль штохвілінна зводкі. Гэта, нягледзячы на высілкі, таксама было марна.
Жук, Ліра і Сяроў
Не пакідалі без увагі і маці Клімовіча. У красавіку 1950 года ў Свірскім раённым аддзяленні МГБ Маладзечанскай вобласці БССР оперупаўнаважаны лейтэнант Багданаў прыняў агентурнае данясенне ад агента Сярова. Інфарматар з вёскі Казанаўшчына Клюшчанскага сельсавета Свірскага раёна ведаў Адольфа з дзяцінства і вёў сачэнне за яго маці Петрунэляй Астроўскай.
За маці, апроч Сярова, сачылі яшчэ ажно пяць мясцовых агентаў: Жук, Ліра, Пятровіч, Вера і Салавей.
Але толькі апошні меў з ёй блізкі кантакт. Салавей быў агентам яшчэ з даваенных часоў, і МГБ не прамінула магчымасці нагадаць яму аб супрацоўніцтве. Тым больш, што ён жыў па суседстве з Астроўскай. Мы можам назваць гэтага агента: Хадорскі Казімір Францавіч, 1912 г.н., ураджэнец в. Казанаўшчына, беларус, займаўся сельскай гаспадаркай.
Для пераправеркі яго звестак і быў завербаваны новы агент Сяроў — яго аднавясковец Брысь Ізыдар Францавіч, 1900 г.н. Яму было даручана нібыта дзеля помачы па гаспадарцы састарэлай адзінокай маці Клімовіча наведваць яе, а ў гутарцы высветліць, пры якім касцёле жыве сын. Пра тое, што касцёл, дзе Адольф працуе арганістам, знаходзіцца недалёка ад Вільні, даведалася Вера ад жыхара той жа вёскі Аляксандра Клімовіча. Веры, Сярову і Салаўю было загадана ўвайсці з ім у кантакт і даведацца, адкуль яму гэта вядома…
«Гэта не мой тата, а Паўліка»
Беларускія чэкісты не адставалі ад літоўскіх калег у кіпучай дзейнасці. Для пошуку Клімовіча яны выкарыстоўвалі агентаў: Сігарына, Груненка, Шумава, Пятрова, Старога… Шукалі людзей, якім «кліентка» магла б цалкам давяраць. Так, 3 красавіка 1951 года начальнік Лідскага МГБ падпалкоўнік Хахлоў дзяліўся з літоўскімі таварышамі сваімі поспехамі. Яны «адправілі па маршруце» агента Навіцкую — спачатку да маці Адольфа, а потым у Вільню да жонкі. Гэтым агентам была завербаваная жонка Лаўскага, Клімовічавага таварыша яшчэ па вучобе ў Празе, — Надзея Сцяпанаўна. Яна пад выглядам неабходнасці наведаць сваю цётку Ганну Жданаву, якая жыве ў Літве, прыехала ў Вільню і прыйшла да Клімовіч.
Навіцкая свежым вокам заўважыла шмат цікавых падрабязнасцяў: «… Клімовіч Вера са сваёй сям'ёй займае казённую кватэру, якая складаецца з двух пакояў і кухні. У пакоях ёсць ўжываная мэбля: 2 ложкі, дзве канапы, 2 шафы, адна з іх пад шклом, у якім маецца шмат кніг, піяніна. Сама Вера і дзеці адзетая дрэнна. Сям'я складаецца з двух дзяцей: Паўліка — 12 гадоў і Юстына — 7 гадоў. Дзеці ходзяць у школу. З імі разам жыве яе сястра — старая панна, гадоў 56, якая не зусім разумная, але дзесьці працуе… Сама Клімовіч Вера выглядае дрэнна, хударлявая, на твары шмат маршчын, жанчына не сімпатычная, працуе недзе ў майстэрні краўчыхай».
Вера запарыла гарбаты, і жанчыны пагаварылі па душах. Лаўская прызналася, што жыве цяжка, муж ужо шэсць гадоў сядзіць, гаспадарку раскулачылі, працы няма, прыйшлося прадаць кватэру… Гаспадыня падзялілася, што, калі была яшчэ маладой дзяўчынай, памерла яе маці, і бацька выдаў яе замуж за Адольфа Клімовіча, хоць яна яго не любіла і выходзіць за яго не хацела. Ад іх шлюбу нарадзіліся два сыны, але адзін памёр. Падчас вайны Адольф з'ехаў у Ліду і не ўзяў яе з сабой. Тады яна стала жыць з Адамам Вішнеўскім і жыла з ім да 1944 года. Ад яго Вера нарадзіла сына Юстына. Адама арыштавалі немцы, і яна нічога не ведае пра яго далейшы лёс. Адольф прыязджаў у госці на 30—40 хвілін падчас вайны, каб убачыцца з сынам, але з Верай не размаўляў. Дзе ён цяпер, яна не ведае: можа, сышоў на Захад, можа, забілі.
Раніцай Лаўская, застаўшыся ненадоўга сам-насам з малым Юстынам, паказала яму на фота Адольфа, што стаяла на піяніна, і спытала: «Гэта фатаграфія твайго таты?» — «Гэта не мой тата, а Паўліка», — адказаў Юстын.
Фота з матэрыялаў справы. Магчыма, выкрадзенае кімсьці з агентаў у жонкі Клімовіча.
Былі і іншыя версіі знаходжання Клімовіча. Кватарантка Веры, Лукічова, расказала агенту Раманавай, як паскандаліла з гаспадыняй з-за электралічыльніка, які прапаў з кухні. «Я зраблю так, што яе адсюль выселяць. Бо я ўсё ведаю пра тое, што яе муж знаходзіцца ў бандытаў і яна да яго ходзіць па начах, носіць яму кошыкамі прадукты, а ад яго ёй возяць мяшкамі, адкуль яна ўсё бярэ, што так добра жыве?» — казала Лукічова.
Але, акрамя чутак і плётак, чэкістам некалькіх аддзелаў Літвы і Беларусі так і не ўдавалася нічога атрымаць. Усе іх аперацыі, хітрасці, подласці цягам шасці гадоў былі марнымі. Ад 1949 Адольф Клімовіч уваходзіў у «Спіс небяспечных дзяржаўных злачынцаў, якія падлягаюць вышуку і неадкладнаму арышту №1». І раптам здарыўся цуд.
Падазроны арганіст
17 красавіка 1951 года ў Даўгайскі райаддзел МГБ ЛССР, куратарам лейтэнанту Сухаву і Мацяржынскаму прыйшло паведамленне ад агента Ваканаса:
«Ксяндзом Жылінскага касцёла служыць Сідорас Вітаўтас, апошні прыбыў у Жыліны ў 1950 годзе. Сідорас вядзе замкнёны лад жыцця, стараецца як мага менш мець зносіны з насельніцтвам… арганістам працуе Клімавічус… Ён у Жыліны прыбыў пасля нямецкай акупацыі — ці ў канцы 1944, ці ў пачатку 1945 года. Прыбыўшы ў Жыліны, Клімавічус, працуючы арганістам, жыве за 4 кіламетры ад касцёла ў маёнтку Нарвідзішкі Варэнскага раёна ў жыхаркі Банкаўскене, апошняя выселеная ў 1948 годзе. Пасля высялення Клімавічус пераехаў у Жыліны і пражывае разам з ксяндзом…».
Касцёл Св.Антонія Падуанскага ў Жылінах, дзе хаваўся і быў арганістам Клімовіч. Сучасны выгляд.
15 ліпеня 1952 года чэкісцкі пасьянс нарэшце склаўся, і асоба Клімовіча была ідэнтыфікаваная. 23 чысла на яго заведзеная справа-фармуляр № 462 па «прыналежнасці да агентуры германскай разведкі». Быў распрацаваны чарговы план.
Прыцягнулі агентаў Даўгайскага райаддзела МГБ Біце, Арэліса, Патрыётаса і Ваканаса. Вядома, што Біце — «у мінулым паліцэйскі, у цяперашні час настаўнік і добра знаёмы з агентам Арэліс, які жыў у адным населеным пункце з Клімовічам». Была атрыманая і санкцыя на арышт Клімовіча.
У Жыліны выехалі начальнік аддзялення МГБ ЛССР маёр Шчарбакоў і начальнік аддзялення МГБ БССР маёр Лосеў. Па вынікахх разведкі яны склалі рапарт: «…Клімовіч характарызуецца як замкнёны, насельніцтву вядома, што ён па нацыянальнасці беларус, мае жонку і дваіх сыноў, яны пражываюць у г. Вільня. Да 1951 года жонка перыядычна прыязджала да Клімовіча. Да 1948 года яны сустракаліся ў маёнтку Нарвідзішкі, … дзе Клімовіч у той час пражываў, а затым у доме ксяндза ў в. Жыліны. Зарэгістраваны факт сустрэчы Клімовіча са сваімі сынамі. Гэтая сустрэча адбывалася ў доме … Чэнкуса ў в. Подзі…
Агенты Біце і Арэліс асабіста бачылі жонку Клімовіча, калі яна прыязджала да яго на сустрэчу…
Па дадзеных агента (Арэліса), які з'яўляецца загадчыкам паштовага аддзялення, устаноўлена, што з моманту працы Клімовіча арганістам паштовай перапіскі паміж ім і яго сувязямі не зарэгістравана…»
Розум Клімовічаў і тугадумства чэкістаў
Са спецслужбісцкай характарыстыкі асабістых кантактаў Клімовіча можна меркаваць пра яго лад жыцця ў Жылінах. У спіс трапілі 71-гадовы Іозас Макаравічус, у якога Клімовіч жыў, займаючы асобную палову дома. Макаравічус характарызаваўся як асоба антысавецкіх настрояў. А яго дачка Анэля Станкявічэне, 27 гадоў, была замужам за ўдзельнікам «нацыяналістычнай банды», асуджаным да расстрэлу. Жыве яна разам з бацькам. Меў Клімовіч сувязь са званаром касцёла, Станіславам Хрыбтовічам, членам касцельнай рады, а таксама краўцом Іозасам Эйдуконісам. Адзначаецца, што Эйдуконіс — былы паліцэйскі пры смятонаўскім рэжыме, а яго дачка Ядвіга Пацевічэне займаецца спекуляцыяй, перыядычна выязджае ў Вільню, дзе сустракаецца з жонкай і дзецьмі Клімовіча. Згадваецца і 60-гадовы пчаляр Чэнкус з вёскі Подзі, у якога Клімовіч сустракаўся з жонкай і дзецьмі. Запісаныя нават падлеткі, якім Клімовіч даваў урокі спеваў у касцёле…
Пералічаныя і ксяндзы парафіі. Данартас Лінартас у 1947 быў арыштаваны «за сувязь з бандай». Яго наступнік Чэславас (Крывайціс) ад 1950 працаваў начальнікам канцылярыі ў біскупа і «знаходзіцца ў сетцы МГБ Літ. ССР», ксёндз Вітаўтас Сідорас пераведзены ў Друскеніцкі раён і «праходзіць па вышуковай справе».
Прыцягваліся і інфарматары з кола беларускага нацыянальнага руху. Так, напрыклад, 1 жніўня 1952 агент з арыгінальным псеўданімам Папяровы паведамляў куратару, лейтэнанту МГБ ЛССР Валодзіну: «З Клімовічам Адольфам знаёмы з 1939 года. У той час Клімовіч быў рэдактарам газеты «Беларуская крыніца» і прымыкаў да кіруючых колаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. … Упершыню сустрэўся і пазнаёміўся на юбілеі ў ксяндза Станкевіча…».
Адным з тлумачэнняў, чаму Клімовічу ўдавалася так доўга хавацца, акрамя надзвычай разумных і асцярожных паводзін яго і яго жонкі, было тугадумства мясцовых чэкістаў. Хоць яны па абавязку службы павінны былі звярнуць увагу на новага чалавека ў сваёй «парафіі».
Агент Патрыётас паведамляў, што капітан МГБ Окунеў, дазнаўшыся пра прыезд новага арганіста, зрабіў выснову, што Клімовіч кінуў жонку ў Вільні і цяпер жыве з дачкой гаспадыні Нарвідзішак — Вандай Банкоўскай, гадоў 50. Пасля старую Банкоўскую з дачкой вывезлі ў Сібір як кулакоў і былых памешчыкаў.
Як бачым, людзей з акружэння Клімовіча арыштоўвалі, а яму да часу шанцавала.
Кожны з аддзелаў МГБ збіраў інфармацыю на сваім участку, а каардынацыі між аддзеламі амаль не было. Работа ішла кіпучая, а эфекту мала.
План выкрадання
Мы падыходзім да аднаго з самых цікавых момантаў гэтай гісторыі — затрымання Адольфа Клімовіча.
Чэкісты і тут мудрылі: прыдумалі складаную схему з выкарыстаннем ксяндза Онішцкага касцёла, ужо не проста як асведаміцеля, але як саўдзельніка выкрадання. Ксёндз па сумяшчальніцтве быў агентам Патрыётасам.
Ён па плане чэкістаў павінен быў выклікаць Клімовіча з Жыліна да сябе, нібыта «для вырашэння пытання аб мэтазгоднасці правядзення набажэнства ў адзін і той жа дзень і ў Онішках, і ў Жыліне».
Як меркавалі чэкісты, пасля размовы Клімовіч будзе вяртацца дадому пешшу праз лес, дзе яго і схопяць. Прыдумалі чэкісты і спосаб патлумачыць знікненне Клімовіча: прымусіць яго напісаць «ліст аб тым, што яму неабходна тэрмінова на некаторы час выехаць … накіраваць праз выведніка-літоўца старшыні касцельнага камітэта. Выведніка экіпіраваць у сялянскую вопратку і паказаць як знаёмага Клімовіча, жыхара Троцкага раёна, які выконвае яго просьбу, перададзеную «на хаду».
Паводле звестак Вікіпедыі, у 1939—53 гг. пробашчам у Онішках, у касцёле Святых апосталаў Піліпа і Якуба, быў Нікадымас Швогжліс-Мільжынас.
Ксёндз Патрыётас паслаў Клімовічу цыдулку з просьбай прыйсці да яго 14 жніўня раніцай. Ксяндзу прадпісвалася пасля сыходу Клімовіча «неадкладна сігналізаваць, куды, з кім, па якой дарозе ён сышоў».
У лесе, на дарозе, Клімовіча павінна была чакаць засада. Да вечара яго планавалася пратрымаць у лесе, а пасля адправіць у Вільню, у МГБ. Аднак план праваліўся.
Патрыётас, адслужыўшы ранішнюю імшу, сядзеў дома, чакаў Клімовіча. Але з Жыліна прыйшоў паштальён і прывёз ад яго толькі ліст па-літоўску:
«Дарагі зямляк. Лёгка сказаць «…Маеш час, прыходзь…», але, па-першае, да Онішак не 3 кіламетры, па-другое, мне не 20 гадоў, па-трэцяе, пайсці і вярнуцца, а за той час можа і «Парыж упасці», не кажучы ўжо пра тое, што сёння «бязмэтна» цягацца не кожнаму бяспечна…»
Ліст Клімовіч падпісаў псеўданімам Дуда: ён абачліва ніколі не падпісваў лісты сваім імем.
Чэкістам тэрмінова прыйшлося прыдумляць новы план. Было вырашана арыштаваць Клімовіча ў ноч на 15 жніўня:
«З сыходам Клімовіча на вячэру да калгасніка Макаравічуса да касцёла накіроўваецца жанчына-разведчыца, якая пры вяртанні Клімовіча дадому звяртаецца як прадстаўніца РВКа з просьбай пагаварыць аб садзейнічанні ва ўборцы ўраджаю. Разведчыца запрашае зайсці ў пакой для размовы. У кустах каля касцёла застаецца засада. У пакой следам за Клімовічам заходзіць апеработнік, які яго затрымлівае. Здзяйсняецца агляд кватэры, Клімовічу прапануецца напісаць ліст, зашыфраваўшы яго адлучку, бо, маўляў, ён пасля сакрэтных перамоў у МГБ ЛССР павінен будзе вярнуцца дадому і весці ранейшы лад жыцця. … Пасля гэтага Клімовіча ў гадзіну ночы вывесці палямі ў лес, дзе будзе чакаць машына, а адтуль — у Вільню».
Ксяндзы-агенты
І тут трэба зрабіць невялікае адступленне. Як мы бачым, асноўную ролю ў затрыманні Клімовіча чэкісты адвялі ксяндзу суседняга касцёла — агенту Патрыётасу. У сваіх справаздачах ён пакінуў цікавыя назіранні пра жыццё Адольфа і яго сям'і. Напрыклад, тое, што Клімовіч «беларускую мову вельмі любіць і пры магчымасці стараецца на ёй гаварыць, ці, кажучы на іншай мове, дае прыказкі або цікавыя выслоўі на сваёй беларускай мове», «Клімовіч з крыніцай заўсёды стараўся гаварыць пабеларуску, хоць крыніца слаба валодае беларускай мовай. Крыніца разумее, што Клімовічу, як свядомаму беларусу, задавальненне, калі гавораць па-беларуску» ці што «Клімовіч любіў гаварыць пра кс. Адама Станкевіча і выказваўся, што апошні калі-небудзь будзе біскупам ці арцыбіскупам свабоднай нацыянальнай Беларусі. Сам пра сябе Клімовіч таксама выказваўся, што ён у будучыні стане знакамітым беларускім дзеячам…».
Аднак падазроны Клімовіч «ні разу, ні словам не згадаў крыніцы аб сваёй асобе і пра сваё мінулае». Ксёндз не грэбаваў ніякай інфармацыяй, у тым ліку і атрыманай на споведзі: «…Бабулька гаспадаркі Нарвідзішкі Ядвіга Банкоўская часам скардзілася на споведзі крыніцы, што да Клімовіча прыязджае жонка, што яны разам спяць і такім чынам ганьбяць дом Банкоўскай, у якім даўно няма цялесных грахоў. Яна скардзілася на арганіста і яго жонку, што яны размаўляюць таемна, шэпчуцца толькі на беларускай мове».
А вось з ксяндзом Жылінскага касцёла ў Адольфа склаліся прыязныя адносіны, што адзначаў і інфарматар: «Крывайціс і Клімовіч вельмі сябравалі, і магчыма, што Крывайціс ведае ўсе таямніцы Клімовіча…». Вядома, агент Патрыётас не ведаў, што блізкі сябар Адольфа быў не кім іншым, як … агентам Гедымінасам
«Спяваў беларускія песні і хваляваўся»
З чэкісцкай даведкі вядома, што «Крывайціс Чэславас Браніслававіч, 1921 г. н., літовец, беларускага паходжання, да 1940 года быў удзельнікам антысавецкай арганізацыі Атэйцінікаў [«Атэйцінінкі» — літоўская каталіцкая маладзёжная арганізацыя], у 1948 г. быў памагатым банды «Дэдукас», цяпер з’яўляецца ___________, матэрыялаў аб дзейнасці Клімовіча не даваў».
На месцы прочырку пры неабходнасці ўпісвалася слова «інфарматар». З паказанняў Крывайціса мы можам даведацца, як адбылася яго вярбоўка.
«20 снежня 1946 года … прыбыў пробашчам у в. Жыліны. Там знайшоў гаспадыню свайго папярэдніка ксяндза Лінартаса. Распытаў пра касцельных маіх слуг, яна распавяла, што дзяка няма, а арганіст жыве за 3,5 км ад касцёла ў маёнтку…
Банкаўскене думала, што ён паляк, але пазней высветлілася, што ён беларус, таму яна пачала яго ненавідзець і пачаліся інтрыгі.
Жонка яго прыязджала прыкладна кожны месяц, ён яе таемна сустракаў і праводзіў на станцыю… Жонка Клімавічуса пражывае ў г. Вільні… Малодшы сын носіць прозвішча, здаецца, Вішняўскас. Гэта зроблена, каб пацвердзіць чуткі, што нібыта яны разведзеныя…
Працуючы арганістам, Клімавічус збіраў нямала прадуктаў натураю, акрамя гэтага, атрымліваў нямала і грошай. Усё гэта ён пры сустрэчах перадаваў жонцы, а часам у перадачах пасярэднічаў Тарайла Стасіс, 1921 г.н. Ён адвозіў гэтыя прадукты ва ўмоўленае месца, а яна адтуль іх забірала. Такім чынам ён утрымліваў сям'ю. Клімавічус вельмі сумаваў па дзецях, бо меншы сын застаўся пры яго ўцёках ва ўзросце менш за год. Клімавічус прасіў жонку прывезці на станцыю паказаць сына, але яна не згаджалася — баялася.
Клімавічус ненавідзеў палякаў, быў прыхільны да літоўцаў, але спрачаўся часам з нагоды Вільні, бо гэты горад ён лічыў беларускім. У спрэчках ён казаў, што павінна быць створана Беларуска-Літоўская федэрацыя са сталіцай Вільняй і сталіцамі Літвы — Каўнас, Беларусі — Мінск.
…Паводзіў сябе Клімавічус спакойна, вельмі цікавіўся міжнародным становішчам, слухаў перадачы з-за мяжы на польскай, рускай і нямецкай мовах.
Паступова даведаўся, што ён, арганіст, з'яўляецца Клімавічусам Адольфасам, сынам Юстаса… Сярэднюю адукацыю атрымаў у Вільні, а вышэйшую — у Празе. Па спецыяльнасці ён аграном-інжынер. Клімавічус — гарачы, перакананы нацыяналіст, спяваў нейкія беларускія песні і хваляваўся. Яго марай з'яўлялася жаданне заняць адказную пасаду і аднавіць нацыяналістычную буржуазную Беларусь. На заўвагу аб тым, што беларусы некультурныя, злосна адказваў, што ім не было магчымасці прасвяціцца. Цытаваў паэмы «Беларуская дудка», «Смык беларускі». Клімавічус сцвярджаў, што сучасная руская пісьменнасць вынайдзеная беларусам, а рускія, маўляў, яе прысвоілі…
У перыяд нямецкай акупацыі Клімавічус знаходзіўся ў горадзе Ліда, працаваў шэфам Беларускага камітэта. Там ён арганізоўваў школы, курсы для дарослых і адначасова выкладаў у заснаванай у Вільні беларускай настаўніцкай семінарыі…»
Калі Крывайціса хацелі перавесці ў іншы прыход, Клімовіч адмовіўся з ім ехаць, бо на кірмашы ў суседняй вёсцы яго пазнаў адзін паляк, якога ён, жывучы ў Лідзе, зняў з пасады начальніка павета.
Апісвае Гедымінас і адносіны Клімовіча з ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім, які пазней служыў у Вішневе, перакладаў Святое Пісьмо па-беларуску і стаяў ля вытокаў адраджэння беларускамоўнай каталіцкай службы.
«З настаяцелем Варэнскага касцёла Чарняўскім ён быў знаёмы, але сустракацца з ім не хацеў, бо лічыў несур'ёзным і балбатуном.
Чарняўскі таксама нацыяналіст-беларус і вельмі хоча паехаць на работу ксяндзом у Беларусь… Нядаўна, прыкладна 2 тыдні таму, да крыніцы (г.зн. да яго, Крывайціса) уся ў слязах прыйшла жонка Клімавічуса і скардзілася на Чарняўскага, кажучы: «Калі майго мужа арыштуюць, то буду ведаць, што праз Чарняўскага. Хачу ехаць да яго і яго папярэдзіць. Магчыма, Вы яго папярэдзьце?»…
Нікога не выдаваць
Спецслужбы зрабілі выснову, што агент Гедымінас… чатыры гады хаваў Клімовіча ў сябе ў парафіі. Больш за тое, пасля вярбоўкі Крывайціс прызнаўся пра гэта Клімовічу, а той яму раіў «выкручвацца, нікога не выдаваць», не даваць матэрыялаў, якія маглі б паслужыць падставай да арышту каго-небудзь.
Ксёндз Чэславас Крывайціс прызнаўся Клімовічу, што завербаваны. Клімовіч раіў яму «выкручвацца і нікога не выдаваць».
Праз гэта Крывайціс меў праблемы. Яго тлумачэнне, дадзенае 20 жніўня 1952, дазваляе зразумець сітуацыю, якая склалася вакол касцёла ў Літоўскай ССР:
«У красавіку 1950 мяне выклікалі ў Тракайскі выканкам, але я не прыйшоў у прызначаны час, бо набліжаўся Вялікдзень. Пры паўторным выкліку вымушаны быў з'явіцца. …У МГБ на мой адрас было зроблена некалькі папрокаў, з-за чаго я вельмі расхваляваўся. Затым было прапанавана супрацоўнічаць, і я пагадзіўся. …Праз сваю неспрактыкаванасць па вяртанні дадому пра гэта распавёў арганісту Клімовічу…
Калі я паехаў да ксяндза Швогжліса ў Онішкі, ён мяне стаў распытваць, у сувязі з чым мяне выклікалі ў Трокі. Я яму сказаў, што быў выкліканы ў МГБ, але буду пазбягаць сустрэч з імі, ён, відаць, зразумеў і больш мяне не распытваў.
Неўзабаве да мяне прыехаў ксёндз Жыжляўскас, я і яму распавёў падобна, як і Клімовічу…
У сувязі з тым, што я распавёў пра сваё супрацоўніцтва з органамі МГБ Клімовічу, я баяўся, каб гэта не стала здабыткам органаў МГБ, і пра яго ў органы МГБ нічога не паведамляў. Я думаю, што гэтыя асобы аб маім супрацоўніцтве з органамі нікому не расказалі.
Мне асабіста пра сваё супрацоўніцтва з органамі МГБ распавёў Гружаўскас Антанас, цяпер служыць памочнікам у Шымонісе. Ксёндз Шукіс казаў, што згоды супрацоўнічаць з органамі не даў, хоць яму вельмі пагражалі. Жыжляўскас казаў, калі яго выклікалі ў Вільню, што з ім так будзе, як са мной…».
У адным з данясенняў чэкісты паказалі, што «ксёндз Жыжляўскас з'яўляецца агентам 5 аддзела МГБ Віленскай вобласці».
«Хутка вернецца»
Следчыя прадпрымалі так шмат перастраховачных крокаў, бо спадзяваліся раскрыць яшчэ і створаную Клімовічам «агентурную сетку». А раптам хто прыйдзе да яго з Захаду?
Як развіваліся падзеі далей, мы ведаем са справаздачы таго ж агента Патрыётаса.
Увечары 14 жніўня званар Жылінскага касцёла прыйшоў у касцёл званіць і пабачыў, што храм замкнуты, на парозе ключ і ліст Клімовіча да старшыні касцельнага камітэта Нявераса. Клімовіч пісаў, што сышоў па сямейных справах, выбачаўся і абяцаў праз некалькі дзён вярнуцца. Няверас паслаў роварам свайго сына з гэтым лістом да ксяндза дэкана Стасіса Смалінскаса, пытаючыся, што рабіць з касцёлам у Жыліне.
Смалінскас пайшоў па параду да калегі — Патрыётаса… Адвёў яго ўбок, паказаў пісьмо, спытаўся, што магло здарыцца. Клімовіч, мабыць, засумаваў па жонцы і паехаў да яе пабачыцца — супакоіў яго агент. Смалінскас паверыў.
Але чуткі пра арышт усё адно пайшлі. Праз некалькі дзён да Патрыётаса прыйшоў закрыстыян Жылінскага касцёла, 14-гадовы Ёзас Каспаравічус, і сказаў: «Нашага арганіста арыштавалі». Агент пераканаў і хлопчыка, што Клімовіч пайшоў да жонкі і хутка вернецца.
Тым часам 16 жніўня 1952 года Адольф Клімовіч быў дастаўлены ў Вільню для першага допыту. Яго праводзілі намеснік міністра дзяржбяспекі Літоўскай ССР палкоўнік Мартавічус і начальнік 3 аддзялення 2 аддзела МГБ ЛССР маёр Шчарбакоў.
Першым допытам Клімовіча ў МГБ ЛітССР кіраваў палкоўнік Леанардас Мартавічус.
Пасля следства Адольф Клімовіч быў асуджаны да найвышэйшай меры пакарання. Хоць, вядома, ніякіх сувязяў з «германскай разведкай» выяўлена не было. І Клімовіча расстралялі б, але праз пяць дзён пасля вынясення прысуду памёр Сталін. Расстрэл замянілі на 25 гадоў лагераў. Клімовіча ўратавала тое, што ён так доўга хаваўся.
Рэабілітаваны: «няма складу злачынства»
Адбываць пакаранне ён трапіў у Інту, Комі АССР, але адсядзеў толькі чатыры гады. У 1956-м яго справу перагледзела спецкамісія Вярхоўнага Савета СССР. І не знайшла складу злачынства.
Адразу вярнуцца ў Вільню пасля вызвалення Клімовічу не дазволілі, да 1960-га ён жыў у Барысаве. Потым усё ж пераехаў у Вільню, дзе ўз’ядналася нарэшце сям’я Клімовічаў. Да смерці ў 1970-м Адольф Клімовіч працаваў арганістам у касцёле на Звярынцы. Пахавалі яго ў Клюшчанах, побач з бацькамі. Перад смерцю ён паспеў зрабіць яшчэ адзін вялікі ўнёсак у справу беларускай культуры: склаў біяграфічны слоўнік нацыянальных культурных і палітычных дзеячаў.