Як я вучылася быць пакорлівай і ўсмешлівай на трэнінгу «Як знайсці мужа», і што з гэтага выйшла
Справа была такая…
07.04.2018 / 12:21
За плячыма ў мяне застаўся развод пасля няпростых сямейных стасункаў, скапіяваных з мадэлі бацькоўскай сям’і, дзе ўсё дагэтуль у статусе «складана». Сяброўка, якая сама год як з’ехала ад таты свайго дзіцяці, параіла пачытаць разумных кніжак, каб не загубіць усё (!) з маім цяперашнім бойфрэндам. Далёкую і шчаслівую будучыню з ім мы хоць і абмяркоўвалі, але прапанову замуж ніхто рабіць не спяшаўся.
Навошта мне трэба было замуж? Тады я прывыкла думаць: калі мы ў стасунках, абмяркоўвалі дзяцей — значыць, гэта відавочна! Тым больш сама я яшчэ была ў дэкрэце, праца і грошы здараліся эпізадычна, жыць на аліменты было сорамна. А замужам усё спакайней (калі сама не зараблю дастаткова ў гэтым месяцы — муж пакорміць).
Сем гадоў папярэдняга шлюбу сведчылі пра тое, што нармальна стасавацца з мужчынамі я не ўмею. Кніжка «99 франкаў», якую я прачытала за апошні пляжны адпачынак, навяла на думку: мабыць, я не так ужо і добра ведаю, што там насамрэч у мужыкоў у галаве.
Пачуўшы неяк мае развагі пра гэта ўслых, тая самая вопытная сяброўка падзялілася чарговай карыснай парадай — схадзіць на трэнінг у жаночы клуб. Трэнінг быў на тэму «Як правільна закадрыць мужыка», хаця афіцыйную назву я ўжо не памятаю, як і назву самога клуба (магчыма, «Marry well», што перакладаецца як «выйдзі замуж добра»).
Трэнінг складаўся з чатырох заняткаў, каштавалі яны не надта дорага (кожны — каля 20-25 баксаў), таму я без сумнення запісалася ўжо на наступны тыдзень. Горш не будзе, думала я.
Памятаю, сяджу я ў аўдыторыі, чакаю пачатку, а жанчыны усё прыбываюць: адной каля 55 гадоў, пара зусім маладых дзяўчат, не надта ўпэўненых у сабе, а вось астатнія былі сярэдняга ўзросту, каля 35 гадоў. Выглядалі актыўнымі і сімпатычнымі — нічога не выкрывала, што ў іх праблемы з мужчынамі.
Напачатку ўсе распавялі, для чаго яны прыйшлі на трэнінг — большасць хацела замуж. А некалькі чалавек, якія былі з пярсцёнкам, планавалі наладзіць стасункі з мужам.
Ілюстратыўнае фота. Крыніца pikabu.ru.
Трэнерка адразу пачала фарміраваць нам новыя нейронныя сувязі: «Забудзьцеся, што некалі думалі, быццам кагосьці нявартыя — заваяваць можна любога мужчыну, проста трэба ведаць, як гэта ўсё працуе. Прычым зрабіць гэта здольная любая жанчына, нават калі яна без рукі ці без нагі».
Схема прапаноўвалася такая: калі мужчына падабаецца, прывабліваем яго ўсмешкамі (сумныя жанчыны адштурхоўваць), пачуццём гумару, інтэлектам, добрым знешнім выглядам скуры і лёгкасцю рухаў. Далей, калі вашы стасункі пачынаюць развівацца, то ні ў якім выпадку, ні пры якіх умовах не займаемся з мужчынам сэксам.
Сэкс на трэнінгу цалкам забаронены да таго, як была зроблена прапанова замуж. Калі вы не даяце мужчыне, то энергія яго жадання ў выніку пераўтвараецца ў каханне. Калі замуж вас не паклікалі, а сэкс адбыўся — вамі скарысталіся. Усё, больш вы нікому не патрэбныя, самае цікавае ад вас атрымалі. Далей стасункі будуць пагаршацца і нічым добрым не скончацца. І наадварот, пакуль мужчына вас «не атрымаў», можна рабіць з ім усё, што заўгодна: агучваць свае жаданні, думкі і ўмовы — вас будуць уважліва і паважліва слухаць. Далей нам паведамілі, што калі за чатыры месяцы такой стратэгіі нас не паклічуць замуж, то трэба пераключацца на іншага выбранніка — гэты, маўляў, «сапсаваны».
Ілюстратыўнае фота. Крыніца pikabu.ru.
Сапсаванасць тлумачыцца тым, што не ва ўсіх мужчын правільна працуе генетычная праграма размнажацца і заваёўваць. Над такімі «кадрамі» прыйдзецца доўга працаваць натхненнем і падтрымкай, а яно нам трэба? Нам трэба замуж.
Што яшчэ на трэнінгу можна было даведацца пра мужчын? Напрыклад, што яны не валодаюць эмацыйным інтэлектам. Таму, калі мы думаем, што ён пра нешта сам (!) здагадаецца, то моцна памыляемся. Мужчынам трэба ўсё казаць наўпрост, пра нашыя пачуцці, пра існаванне нейкай праблемы і гэтак далей. Яшчэ мужчыне нельга тлумачыць тое, што, па нашым меркаванні, ён не разумее. Гэта яго прыніжае. І, канечне ж, у сям’і мужчыны галоўныя, іх слова — закон.
— Што рабіць, калі муж крыва павесіў карніз? — запыталася 55-цігадовая жанчына.
— Не казаць яму пра гэта ні ў якім разе! — папярэдзіла трэнерка.
— Але ж карніз крыва вісіць…
— Скажыце мужу, які ён малайчына, падзякуйце — гэта натхніць яго наступны раз зрабіць лепш! — няўхільна паўтарала вядучая трэнінгу.
Наступная жанчына спытала:
— Калі слова мужчыны — закон, то што рабіць, калі ён, напрыклад, папросіць пастрыгчы яму пазногці ці зрабіць нешта іншае непрыемнае?
— Рабіць, — парыравала трэнерка, — Вы абралі яго і вы мусіце зрабіць яму добра. Узамен мужчына будзе рабіць прыемнасці вам.
…На чацвёрты трэнінг я ўжо не прыйшла. У мяне, пэўна, яшчэ тады закраліся сумневы, што я так змагу.
Я заўжды уяўляла, што ўсё ў каханні мусіць адбывацца па шчырасці і роўнасці. Гэтыя гендарныя гульні мне падаваліся, хутчэй, нейкім цыркам, а не рэальным жыццём.
А з тым бойфрэндам я развіталася. Калі адразу не клеіцца, то і не прыклеіцца далей. Жыццё мяне ўжо навучыла. Ці можа гэта адбылося таму, што сэкс у нас быў да прапановы шлюбу?