Украіна выпрабавала ракетны комплекс «Вольха», сцвярджае, што ён пераўзыходзіць расійскі «Смерч» ВІДЭА

10.04.2018 / 22:47

У Адэскай вобласці Украіны пачаліся дзяржаўныя выпрабаванні ракетнага комплексу «Вольха». Пра гэта ў сваім Facebook паведаміў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў.

«Дзякуючы намаганням усіх, хто працаваў над гэтым праектам, мы атрымалі магутную ракетную зброю, па ўсіх паказчыках лепшую, чым яе расійскі аналаг» Смерч»», — гаворыцца ў заяве Турчынава.

Паводле яго сцвярджэння, дзяржаўныя выпрабаванні «сталі фіналізацыяй маштабнага праекта ўкраінскіх навукоўцаў, канструктараў і работнікаў вытворчасці». Турчынаў падкрэсліў, што яны адбудуцца ў некалькі этапаў, падчас якіх усе тактыка-тэхнічныя характарыстыкі ракет будуць правярацца заказчыкам на адпаведнасць зададзеным параметрам. Ён растлумачыў, што ракеты будуць запускацца ў поўным баявым начынні. «Улічваючы кіравальнасць ракет, для кожнай з іх будуць вызначаныя асобныя мэты на рознай далёкасці», — дадаў ён.

Пазней прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў аб тым, што Украіна пачала серыйны выпуск комплексу «Вольха».