Пацверджана, што Скрыпаляў атруцілі «Навічком»

12.04.2018 / 14:39

CHRIS J RATCLIFFE /GETTY

Арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) пацвердзіла версію брытанскага ўрада, што былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію атруцілі нервова-паралітычным рэчывам «Навічок». Пра гэта паведамляе Sky News.

АЗХЗ правяла незалежную экспертызу і выявіла ўтрыманне таксіну ў пробах, сабраных на месцы атручвання ў брытанскім Солсберы. Акрамя гэтага, аналіз крыві пацярпелых паказаў наяўнасць «Навічка» як у арганізме Скрыпаляў, так і сяржанта мясцовай паліцыі Ніка Бэйлі, які патрапіў у бальніцу з атручваннем пасля наведвання дома Сяргея Скрыпаля.

У дакладзе арганізацыі гаворыцца, што выяўлены ў пробах хімікат быў чыстым і без якіх-небудзь прымешак.

Раней паведамлялася, што АЗХЗ завяршыла расследаванне і перадало справаздачу па выніках ураду Вялікабрытаніі.