МУС: Ідэнтыфікацыйны нумар, прапісаны ў пашпартах, не будзе прысвойвацца чалавеку

19.04.2018 / 11:00

Ідэнтыфікацыйны нумар, які прапісаны ў беларусаў у пашпартах, будзе называцца ідэнтыфікацыйным нумарам персанальных дадзеных. Пра гэта, прадстаўляючы змены ў Закон аб рэгістры насельніцтва, распавёў у парламенце міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

Ідэнтыфікацыйныя нумары будуць прысвойваць не чалавеку, а яго персанальным дадзеным. Па сутнасці праблему, калі некаторыя адмаўляліся атрымліваць пашпарты з-за прысваення нумара чалавеку, спрабуюць вырашыць, перафразаваўшы паняцце ў Законе.

— Самі нумары мяняцца не будуць, гэта больш лінгвістычная рэч, чым практычная, — расказаў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. — Было прапісана: чалавеку прысвойваецца ідэнтыфікацыйны нумар. Казалі, што гэта няправільна, ушчамляе правы — чалавек з нумарам, прымітыўна кажучы. Сёння мы чалавеку нумар не прысвойваем, мы запісу, які вядзём у базе дадзеных, прысвойваем парадкавы нумар. (…) Для кагосьці гэта важна, і мы пачулі галасы гэтых людзей, спадзяюся, нас зразумеюць правільна, і гэтыя людзі адэкватна ўспрымуць гэта змяненне, якое, на мой погляд, вырашае праблему.

У 2019 годзе ў Беларусі абяцаюць увесці біяметрычныя пашпарты. Ці застанецца ў іх ідэнтыфікацыйны нумар, пакуль невядома.