«Мая Алачка была такая прыгажуня, што ніякая Гурчанка з ёй параўнацца не магла!» — гісторыя сям'і паспяховых інжынераў
Да новых герояў конкурсу «Нашай Нівы» і Samsung Galaxy A8|A8+ «Навучы бабулю рабіць сэлфі» мы накіроўваемся ў Каменную горку.
26.04.2018 / 18:06
Некаторыя ганяць гэты раён, але Ала і Аляксандр Піталенкі вельмі яго любяць. Тым больш што побач пабудаваліся іх дзеці: іх дамы можна ўбачыць проста з акна.
Ала і Аляксандр Піталенкі.
Гаспадары нарадзіліся ў Расіі: Аляксандр — ва Уладзіміры, а Ала — у Краснаярску. Але сем’і абодвух пераехалі ў Беларусь, бо шукалі лепшае жыццё. Ала расказвае, што ў 1960-1970 у Сібіры быў голад: паліцы крам запаўнялі выключна слоікі з гуркамі ды печанню траскі. У Беларусі ж у тыя часы было прадуктовае багацце адносна ўсходняга дабрабыту. Пра гэта яны ведалі з расказаў сваякоў, што жылі ў Мінску. Так сям’я Алы і пераехала ў сталіцу, а бацькі Аляксандра з сынам — пад Оршу.
Спадар Аляксандр — неверагодны расказчык. З яго жартаў і гісторый з мінулага смяюцца ўсёй сям’ёй.
Пазнаёміліся, калі абодва вучыліся: Аляксандр пайшоў па кроках бацькоў і падаў дакументы ў цяперашні БНТУ на энергафак, а Ала — на педагога (павінна была стаць біёлагам).
«Я ўжо на пятым курсе вучыўся, як мой аднакурснік распавёў мне пра свайго таварыша, у якога ёсць сястра, а ў той — сяброўка «што трэба». Ён быў упэўнены, што яна мне спадабаецца. І не памыліўся: мая Алачка такая прыгажуня была, што ніякая Гурчанка з ёй параўнацца не магла!», — згадвае ўражанні ад першай сустрэчы з будучай жонкай Аляксандр.
Здымкаў у гэтай кватэры шмат — фатаграфіяй захапляўся гаспадар дома. Першы апарат «Змена» яму прэзентавалі на дзясяты дзень народзінаў, і з тых часоў ён пастаянна «псаваў» стужкі і праяўляў іх.
Неўзабаве маладыя ажаніліся, а праз год нарадзілася першая дачка Алена. Кажуць, не думалі нават, як будуць жыць, дзе, на якія грошы гадаваць… Дзяржаўныя іспыты Ала здавала паміж цяжарнасцю і родамі: першы экзамен яшчэ з жыватом, другі — ужо без.
«Сёння маладым цяжэй у фінансавым і жыллёвым плане. Мы ж глядзелі ў будучыню больш пазітыўна. Хоць і жылі першы час у бацькоў Алы, але ведалі, што жытло аднойчы атрымаем».
Чакалі свой першы кут сем год, але затое, сцвярджаюць, мелі вельмі цёплыя адносіны з бацькамі: тыя былі ў літаральным сэнсе пад рукой і заўсёды дапамагалі.
Прафесія энергетыка, якую Аляксандр першапачаткова ўспрымаў як нешта сумнае, аказалася больш, чым проста цікавай: за гады працы ў «БелНІПІэнергапраме», акрамя Беларусі, ён паспеў аб’ездзіць усё Паволжа, Прыбалтыку, быў з дзяржзаданнямі па ратаванні энергетыкі ў Якуціі і Індыі.
Самай працяглай стала камандзіроўка ў Іран: два гады гаспадара не было дома. І ў гэты час, натуральна, Але з дзецьмі дапамагалі бацькі. Аляксандр вельмі ўдзячны ім за гэтую падтрымку. І менавіта таму на дух не пераносіць анекдоты пра цешчаў.
«Цешчы — гэта найлепшыя людзі на зямлі. Усіх, хто расказваў пра іх ганебныя анекдоты, я пастаянна адчытваў».
Архіўныя фотаздымкі. Падчас камандзіровак у Іран і Індыю.
Піталенкі з унучкай Дашай і мужам дачкі Змітром. Ён, як і Аляксандр, гатовы любую цешчу абараніць ад нападкаў.
Цікава, што пасля дэкрэту спадарыня Ала так і не пайшла працаваць па спецыяльнасці. Была эканамістам, інжынерам у праектным інстытуце, апошнім часам — каштарысніцай ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама (брала ўдзел у будаўніцтве тэатраў, музычных школ, бібліятэк і гэтак далей). Само сабой, уладкоўвалася ў такія месцы не проста так — праходзіла курсы павышэння кваліфікацыі. «Я ўжо дарослай зразумела, што трэба было мне паступаць у тэхнічную ВНУ, бо гэта сапраўды маё. Але, як бачыце, позняе асэнсаванне не перашкодзіла мне перавучыцца і займацца тым, чым падабаецца».
Падобная гісторыя атрымалася і з сынам Піталенкаў Вадзімам. Спачатку ён атрымаў дыплом інжынера-электрыка, а пасля паспрабаваў «на смак» бодзібілдынг і ўцягнуўся ў спорт. Цяпер ён — фітнэс-інструктар, уладальнік шматлікіх медалёў і кубкаў, неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў Беларусі (пагугліце — і самі ўбачыце).
Прыклад Вадзіма і яго маці — цудоўная ілюстрацыя таго, што ніколі не позна зноў пачаць шукаць сябе і знайсці.
Старэйшыя Піталенкі працягваюць шукаць сябе і спрабаваць новае. Унучка Даша ўжо навучыла іх рабіць сэлфі, а калі ў школьніцы будуць летнія канікулы, то разам паспрабуюць разабрацца і з інтэрнэтам. Асабліва пару зацікавіла магчымасць анлайн-падарожжаў з дапамогай гугл-картаў. Ала і Аляксандр любяць вандраваць, але рабіць гэта часта не заўсёды дазваляюць здароўе і фінансавыя магчымасці. Таму віртуальны шпацыр па вуліцах у гугле — нядрэнная альтэрнатыва. «Пенсіянеры сёння — бедныя людзі. Калі б мы мелі хаця б той заробак, што пры актыўнай працы, жылося б, мякка скажам, прасцей», — уздыхаюць спадары Піталенкі.
Конкурснае сэлфі.
У Беларусі пазітыўныя эмоцыі дае лецішча — сапраўдная асалода для душы. А там — і свежае паветра, і гульні (ці лато, ці шашкі, ці карты). Карацей кажучы, сям’я з нецярпеннем чакае канікул і сталага цёплага надвор’я.
«Я ж унукаў навучыў у дурня гуляць, хай цяпер яны мяне ў 3D у інтэрнэце пасадзяць, каб па Токіа шпацыраваць», — смяецца Аляксандр.
Яшчэ адзін член сям’і: кот Рычард.
Да канца конкурсу, у якім мы прапануем вам навучыць бабуль і дзядуль рабіць сэлфі і атрымаць за гэта два смартфоны Samsung Galaxy A8 і Samsung Galaxy A8+, застаецца два тыдні. Ёсць яшчэ ўсе магчымасці паўдзельнічаць і перамагчы!
Раім перачытаць правілы, перш чым выкладаць сэлфі сваякоў у сацсеткі, і пазнаёміцца з іншымі ўдзельнікамі.