«Газпром» хоча пабудаваць газахімічны комплекс пад Пецярбургам за $20 млрд

«Газпром» і «Русгаздобыча» вядуць працу над праектам газахімічнага комплексу пад Пецярбургам, які забяспечыць экспарт газу ў Еўропу, пішуць «Ведамасці». Будаўніцтва прадпрыемства можа абысціся ў $20 млрд.

23.04.2018 / 10:59

«Газпром» вядзе распрацоўку праекта газахімічнага праекта блізу Усць-Луга пад Санкт-Пецярбургам, паведамляюць «Ведамасці» са спасылкай на абазнаныя крыніцы. У кампаніі выданню пацвердзілі наяўнасць падобных планаў.

Мэтай будаўніцтва газахімічнага комплексу з'яўляецца перапрацоўка прыроднага газу і яго ачышчэнне ад прымешак. Агульная магутнасць праекта павінна скласці да 45 млрд куб. м газу ў год. Частка газу (прыкладна 14—15 млрд куб. м) будзе пастаўляцца для звадкавання на «Балтык СПГ», які таксама плануецца пабудаваць блізу Усць-Луга. Астатні аб'ём газу будзе ісці на экспарт па газаправодзе «Паўночны паток — 2». Выдзеленыя пасля ачысткі газу фракцыі могуць выкарыстоўвацца для вытворчасці этылену і поліэтылену (да 1,5 млн т у год), які таксама будзе ісці на экспарт у Еўропу.