У сераду ў Беларусі будзе да +18

Але потым пачнецца паступовае паніжэньне тэмпэратуры.

21.10.2008 / 14:21

У сераду ў Беларусь вернецца бабіна лета. Месцамі па краіне прагназуецца да 18 градусаў цяпла.

Але, як паведаміла галоўны сіноптык Гідраметэацэнтра Вольга Фядотава, ужо ў чацвер істотна пахаладае і пройдуць дажджы.

«У сераду ўдзень паветра прагрэецца да +11‑16, а ў Брэсцкай вобласці — да 18 градусаў цяпла. У Мінску — +13‑15.
А вось у чацвер на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, а тэмпература паветра ўдзень не вышэй за 6‑13 цяпла».

Як адзначыла сіноптык, у наступныя дні тыдня ў Беларусі чакаецца паніжэнне тэмпературы, але пераважна без дажджоў. Уначы магчымыя нават замаразкі да ‑1—3 на глебе і ў паветры, а ўдзень слупок тэрмометра не перавысіць адзнаку ў +11. Пад канец месяца зусім пахаладае: ўдзень чакаецца не больш за 4 градусы цяпла. Тым не менш, паводле слоў сіноптыкаў, сёлетні кастрычнік цяплейшы за кліматычную норму.

«Напрыклад, другая дэкада месяца аказалася даволі цёплай. Такое бывае на поўначы і ўсходзе Беларусі раз на 10‑12 гадоў, а на астатняй тэрыторыі — раз на чатыры гады».

Тэкст Эўрарадыё, фота photo.bymedia.net