Уладзіславу Казакевічу далі 22 гады за напад на супрацоўнікаў калоніі

14.05.2018 / 16:26

Уладзіслава Казакевіча суд прызнаў вінаватым у нападзе з нажом на супрацоўнікаў шклоўскай калоніі, у якой 19-гадовы мінчук адбываў пакаранне за напад з бензапілой у ГЦ «Еўропа». Яму прызначана пакаранне ў выглядзе 22 гадоў пазбаўлення волі: 5 першых гадоў Казакевіч правядзе ў турме, астатнія 17 — у калоніі ўзмоцненага рэжыму, піша Tut.by.

Пацярпеламу старэйшаму кантралёру Аляксею Кузану абвінавачаны павінен выплаціць 3 тысячы рублёў у якасці кампенсацыі.

Суд устанавіў, што раніцай 12 кастрычніка 2017 года ў час вываду на шпацыр Уладзіслаў Казакевіч дастаў з рукава нож і напаў на двух кантралёраў. Была распачата крымінальная справа за замах на забойства двух чалавек.

Дзяржэкспертыза высветліла, што на момант інкрымінаваных дзей Казакевіч мог у поўнай меры ўсведамляць свае дзеянні і кіраваць імі. З гэтым не згодныя ні бацькі, ні абарона абвінавачанага, якія лічаць, што малады чалавек хворы і мае патрэбу ў лячэнні. Незалежныя эксперты лічаць, што ва Уладзіслава — шызафрэнія.