Ізраіль заявіў пра першае ў гісторыі баявое ўжыванне знішчальніка F-35

22.05.2018 / 15:32

Ізраіль наносіў удары па цэлях на Блізкім Усходзе, выкарыстоўваючы знішчальнікі пятага пакалення амерыканскай вытворчасці F-35. Паводле заявы ізраільскіх вайскоўцаў, гэта іх першае баявое прымяненне.

Ізраіль быў першай краінай, якой ЗША паставілі F-35 (яны атрымалі назву F-35I Adir). Першыя два самалёты з 50 замоўленых былі перададзеныя ў 2016 годзе. Зараз ВПС Ізраіля маюць дзевяць такіх знішчальнікаў

Па словах галоўнакамандуючага ВПС Ізраіля Амікама Норкіна, якія прыводзяцца ў Twitter Арміі абароны Ізраіля (IDF), знішчальнікі пятага пакалення ўжо здзяйсняюць палёты і ўдзельнічаюць у баявых місіях. «Мы сталі першымі ў свеце, хто выкарыстаў F-35 у баявых дзеяннях», — сказаў Норкін.

Ён дадаў, што F-35 выкарыстоўваліся двойчы на розных франтах.