Святары і клерыкі кажуць, што іх прызыў у войска адкладаецца

28.05.2018 / 08:52

Фота Сяргея Гудзіліна

Сьвятары і клерыкі прызыўнога ўзросту ня пойдуць сёлета на вайсковую службу, нягледзячы на позвы з ваенкаматаў, паведаміў Радыё Свабода шэраг крыніцаў у каталіцкіх колах.

Прадстаўнікі духавенства кажуць, што прэзыдэнцкі ўказ аб адтэрміноўцы ад вайсковай службы для гэтай катэгорыі прызыўнікоў ужо нібыта падпісаны. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль няма.

У траўні дзясяткі будучых і дзейных каталіцкіх і праваслаўных сьвятароў па ўсёй Беларусі атрымалі позвы з ваенкаматаў. Першыя клерыкі і сьвятары мусілі накіравацца ў войска ўжо 28 траўня.

Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб адтэрміноўцы ад вайсковай службы. Ярархі Беларускай праваслаўнай Царквы таксама зьвярнуліся па тлумачэньні ў Міністэрства абароны.

Сытуацыя, калі духавенства прызывалі служыць так масава, склалася ўпершыню. Раней, як паведамлялі Свабодзе прадстаўніці духавенства, здараліся адзінкавыя выпадкі прызыву праз памылку, але такія сытуацыі хутка вырашаліся.Агулам для сэмінарыстаў і сьвятароў раней дзейнічала адтэрміноўка ад войска. Кіраўніцтва сэмінарый рыхтавала сьпісы навучэнцаў і перадавала іх у дзяржаўныя органы. Рашэньне аб адтэрміноўцы штогод прымаў кіраўнік дзяржавы і ўзгадняў адмысловы указ.