У Ваўкавыску мужчына заступіўся за 30-гадовую суседку, якую пакрыўдзіў 63-гадовы бойфрэнд, і збіў яго да смерці

29.05.2018 / 12:03

30-гадовая жанчына некалькі месяцаў жыла ў Ваўкавыску з мужчынам, удвая старэйшым за сябе. Разам са сваім 63-гадовым бойфрэндам яны часта выпівалі, скандалілі.

26 мая паміж сужыцелямі паўстаў чарговы канфлікт. Мужчына з кулакамі накінуўся на жанчыну. Крыкі аб дапамозе пачуў сусед.

Ён увайшоў у кватэру і заступіўся за жанчыну — пачаў біць яе сужыцеля. Спыніўся толькі тады, калі пацярпелы не мог стаяць на нагах. Яго паклалі ў ложак і накрылі коўдрай, паведамляе міліцыя.

Раніцай высветлілася, што мужчына памёр. Выклікалі дактароў, тыя спачатку не знайшлі слядоў збіцця на целе нябожчыка. Але ўскрыццё паказала шматлікія траўмы. Тады 37-гадовага абаронцу-суседа затрымала міліцыя. Цяпер яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

УШ