КДБ затрымаў памочніка прэзідэнта пры атрыманні $200 тысяч хабару
30.05.2018 / 11:13
Камітэт дзяржаўнай бяспекі затрымаў пры вымагальніцтве і атрыманні хабару памерам $200 тысяч памочніка прэзідэнта па Гродзенскай вобласці Сяргея Раўнейку, паведамляе прэс-служба КДБ.
grodnonews.by
Сілавікі адзначаюць, што яшчэ год таму з'явілася інфармацыя, што Раўнейка атрымлівае хабары за вырашэнне тых ці іншых пытанняў. Гэтыя факты дакументаваліся, пакуль пры атрыманні чарговага хабару памочніка прэзідэнта не затрымалі з грашыма ў руках.
У дачыненні да Раўнейкі Камітэтам дзяржаўнай бяспекі заведзена крымінальная справа па частцы 3 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса — атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры асобай, якая займае адказную пасаду. Чыноўніку пагражае 15 гадоў зняволення.
Раўнейка быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі ў 2015 годзе. Перад тым ён працаваў у Дзяржкантролі.